• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Жыхара Віцебска асудзілі за распальванне міжнацыянальнай варожасці за відэазапісы “Вконтакте”

    У Віцебскім абласным судзе скончыўся разгляд справы 28-гадовага Пятра Трублінскага. Яго прызналі вінаватым паводле артыкула 130 ч. 1 Крымінальнага Кодэкса РБ. Калі хлопец не абскардзіць прысуд, то ён мае ўступіць у сілу 23 верасня.

    Судовы працэс па справе Пятра Трублінскага праходзіў у закрытым рэжыме. Гэтага запатрабавала пракурор Наталля Гаўрылюк. Сваякі і журналісты змаглі даведацца пра вынікі судовага  разгляду толькі падчас агалошвання прысуду.

    Суд у асобе суддзі Людмілы Ларынай вырашыў прызнаць Трублінскага вінаватым у распальванні міжнацыянальнай варожасці. У якасці пакарання ён асуджаны да зняволення на двухгадовы тэрмін, але з адтэрміноўкай на год. Калі за гэты час ён не будзе заўважаны ў іншых правапарушэннях або злачынствах, то адбываць пакаранне за кратамі не давядзецца.

    Апрача гэтага, Пятру Трублінскаму прысуджана грашовае спагнанне: цягам шасці месяцаў ён абавязаны сплаціць крымінальна-прававую кампенсацыю памерам 50 базавых велічынь ( 1 225 рублёў). А таксама сплаціць 25 рублёў 50 капеек за паслугі дзяжурнага адваката, бясплатна прызначанага яму на пачатку следства падчас знаходжання ў ізалятары часовага ўтрымання.

    Менавіта з затрымання і змяшчэння ў ІЧУ з 10 па 13 траўня пачалася справа “віцебскага экстрэміста”  – так назвалі Пятра Трублінскага некаторыя СМІ. У размове з журналістамі  хлопец казаў, што яшчэ ў 2015–2016 гадах захаваў на сваёй стваронцы “Вконтакте” відэаролікі з прамовамі Гітлера. Некаторыя з відэаматэрыялаў ён так і не паглядзеў – проста на іх забыўся. У тэксце судовага выраку фігуравалі і назвы відэаматэрыялаў, у якіх былі словы “цыганы” і “яўрэі”.

    Паводле прысуду, некалькі дыскаў з відэаматэрыяламі, вынятымі падчас ператрусу ў траўні гэтага года, будуць знішчаныя. Тэлефон, з якога хлопец выходзіў у інтэрнэт, мусіць прайсці апрацоўку спецыялістамі – з яго выдаляць усе матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі, а потым вярнуць гаспадару.

    Пётр Трублінскі падкрэслівае, што ніколі не ўваходзіў ні ў якія групоўкі, не прапагандаваў фашысцкіх ідэй, а відэаролікі спампаваў проста з цікаўнасці. Вызначыць, наколькі гэта аб’ектыўна, журналісты магчымасці не мелі, бо іх выдалілі з працэсу, абвешчанага закрытым. Ад сваякоў стала вядома хіба тое, што за відэаролікі Трублінскага пакаралі ўжо другі раз: спачатку на яго завялі адміністрацыйную справу па артыкуле 17.11, і ў чэрвені ў Першамайскім райсудзе Віцебска ён быў пакараны штрафам памерам 15 базавых велічынь (367,5 рубля). Гэтыя грошы Трублінскі сплаціў, і цяпер абдумвае магчымасць падачы скаргі, каб іх вярнулі. Бо лічыць, што двойчы караць за адно й тое самае дзеянне – незаконна.
     

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці