Зноў з намі! PALATNO.media — праект пра беларускую супольнасць у рэгіёнах
Koska, запуск якой выклікаў шмат дыскусій у медыяпрасторы, перапусцілася як PALATNO.media. Праект пра беларускую супольнасць у рэгіёнах, яе праблемы і шляхі іх вырашэння зноў даступны.
PALATNO.media стварае каманда журналістаў, якія да 2021 года працавалі ў «Рэгіянальнай газеце» з рэдакцыяй у Маладзечне. Усе самыя яскравыя пратэсныя фота з Маладзечна, якія бачыла Беларусь і свет, здымала наша Настасся Уткіна, а відэа — Зоя Хруцкая і Ігар Палынскі. Пасля ператрусаў у рэдакцыі «Рэгіянальнай газеты» і дамах супрацоўнікаў мы выехалі з Беларусі і цяпер працуем у Беластоку.
— Мы бачым, як шмат гісторый людзей з рэгіёнаў Беларусі, якія павінны быць пачутымі. Пра тое, што адбылося, што адбываецца цяпер і якой можа быць Беларусь будучыні. Што б ні адбывалася ў свеце, нам важна, каб галасы беларускіх рэгіёнаў былі гучнымі, заяўляюць аўтары праекту.
У нашым медыя мы асэнсоўваем праблемы беларускай супольнасці, шукаем шляхі іх вырашэння і спрабуем разам з героямі намаляваць вобраз будучыні Беларусі. Наша задача — даць веды і натхненне пра тое, як спрычыніцца да трансфармацыі беларускага грамадства ў дэмакратычную краіну.
Калі мы думаем пра нашага чытача, то ўяўляем, што ён або яна моцна трымаецца каранёў і цягнецца да сонца. Калі ў любым месцы свету ты адчуваеш сябе жыхаром свайго роднага месца і хочаш, каб на радзіме стала жыць лепш, мы спадзяёмся быць табе карысным.
Віншуем калег з перазапускам!
Толькі добрых навінаў!
Koska.media ў першы ж дзень трапіла ў непрыемную сітуацыю і прапануе чытачам прыдумаць новую назву рэсурсу