• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зьняволеным журналістам «Нашай нівы» і Tut.by падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай

    Ягор Марціновіч, Андрэй Скурко і Юлія Чарняўская застануцца ў няволі. У дваіх апошніх хранічныя праблемы са здароўем.

    Галоўны рэдактар і кіраўнік маркетынгавага аддзелу «Нашай нівы» Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко ўжо два месяцы адбылі ў СІЗА, іх ня вызвалілі. За гэты час Сьледчы камітэт ня змог скончыць расьсьледаваньне, таму меру стрыманьня падоўжылі яшчэ на месяц, паведамляе выданьне.

    Сваякам не паведамлялі аб падаўжэньні арышту, аднак, зыходзячы з нормаў Крымінальна-працэсуальнага кодэксу вынікае, што арышт працягнулі яшчэ на месяц, бо іначай яны б выйшлі на волю 18 верасьня. Працягнуць арышт дазваляецца, калі сьледзтва ня скончыла працу за адведзены раней тэрмін. Па словах нашаніўцаў, ніякія сьледчыя дзеяньні зь імі за гэты час не праводзілі, іх проста трымаюць у ізаляцыі.

    Марціновіча і Скурко абвінавачваюць паводле ч. 2 арт. 216 КК (Нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня групай асобаў). Прэтэнзіі ўладаў палягаюць у тым, што аплата за камунальныя паслугі памяшканьня рэдакцыі была па тарыфах для фізычных асобаў, а трэба было плаціць паводле тарыфаў для юрыдычных.

    Сьледчыя налічылі, што з 2017 году па травень 2021-га прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесьлі шкоду ў 3,5 тысячы рублёў. Само прадпрыемства пры гэтым з прэтэнзіямі ніколі не зьвярталася.

    Марціновіча і Скурко прызналі палітвязьнямі. Па арт. 216 КК максымальна магчымы тэрмін утрыманьня пад вартай да суду — паўгода.

    Культуроляга Юлію Чарняўскую ня выпусьцілі пасьля 4 месяцаў хатняга арышту. Ёй працягнулі тэрмін стрыманьня, як і астатнім зьняволеным у «справе Tut.by».

    «У мяне ўжо няма ані сілаў, ані словаў, каб сказаць, наколькі па-вар’яцку, бязьлітасна чыняцца лёсы людзей у „справе Tut.by“. Паўтара дзясяткі чалавек, 12 зь якіх жанчыны, сядзяць у зьняволеньні пяты месяц. Трое зь іх страцілі за гэты час кагосьці з бацькоў… Здароўе тых, хто сядзіць, катастрафічна пагаршаецца, і хоць матуля трымаецца настолькі малайцом, наколькі гэта ўвогуле можна ўявіць, сытуацыя крытычная», — напісала дачка палітзьняволенай Яўгенія Чарняўская.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці