• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Зона свабоды блогера Павука + ВІДЭА

    У райцэнтры Акцябрскі (былы пасёлак Рудабелка) блогера Андрэя Павука не ведае хіба толькі лянівы. Ягоная папулярнасць і пазнавальнасць вышэй, чым у любога мясцовага чыноўніка. Зрабі цяпер свабодныя выбары кіраўніка раённай адміністрацыі, Андрэй Павук пагатоў выйграў бы выбары яшчэ з большай перавагай, чым Зяленскі ва Украіне.

    Андрэй Павук Андрей Паук

    Андрэй імкнецца ўзвысіць дух землякоў-рудабельцаў, змагаецца з хібамі мясцовага жыцця, стварае вакол сябе гэткую зону свабоды, дзе захоўваюцца правы чалавека, пануе свабода слова, улічваюцца інтарэсы шараговых грамадзян, а не толькі пажаданні рознага кшталту начальнікаў.  

    Досведам пабудовы сваёй “зоны свабоды” ў асобна ўзятым райцэнтры Андрэй Павук падзяліўся на гомельскай ток-пляцоўцы “Медыяпрастора”. З блогерам пагутарыў карэспандэнт службы маніторынгу ГА “БАЖ”.

    — Андрэй, многія маладыя людзі асабліва не пераймаюцца такімі каштоўнасцямі, як свабода слова і правы чалавека. Задавальняюцца “чаркай і скваркай” альбо наогул пакідаюць Беларусь і перабірацца на Захад. Калі да цябе прыйшло разуменне, што змяняць і  аблаштоўваць прастору, сваю“зону свабоды”, трэба найперш вакол сябе?

    — Пасля школы я вучыўся ў тэхнікуме на дызайнера-тэхнолага мэблі, ва ўніверсітэце завочна на настаўніка біялогіі, маляваў, займаўся фатаграфіяй, працаваў у лясгасе, акампаніятарам у доме дзіцячай творчасці. Выкладаў нават біялогію ў сельскай школе, праўда, рэкордна кароткі час — усяго адзін дзень. Словам, ніводная атрыманая адукацыя мне не спатрэбілася.

    Неяк задумаўся: ужо тры дзясяткі гадоў за плячыма, жыццё праходзіць і штосьці трэба рабіць. Надышоў час сапраўдных мужчынскіх учынкаў. Калі ты жывеш сярод людзей, якія баяцца нават таго, што можна, то адчуваеш сябе некамфортна і ў цябе няма спосабу развівацца ў такім грамадстве. Ну, я і стварыў у сацыяльнай сетцы “Аднакласнікі” суполку “Рудабельская паказуха”, дзе паказваю недарэчнасці і неадэкватнасці нашага жыцця — сацыяльнага, палітычнага, а заадно заклікаю рудабельцаў актыўна абмяркоўваць гэтыя праблемы. Гэта ж не забаронена.

    — Выглядае, стаў прывучыць землякоў любіць саміх сябе?

    — Хочацца, каб яны не баяліся з’явіцца ў кадры, публічна выказацца пра тое, што хвалюе, каб урэшце не былі пасіўнымі, праяўлялі ініцыятыву.

    Што ўплываць можна на настрой і паводзіны праз аб’ектыў фотаапарата і відэакамеры, я добра зразумеў пасля кліпа “Я из деревни”, які добра агучыла Ксенія Дзягелька. Кліп здымалі для конкурсу БРСМ. Гэта быў крыху прыхаваны сцёб над ідэалагічнымі пастулатамі, што панавалі ў краіне. Афіцыйныя органы спачатку ўспрынялі кліп на “ўра”, а ўжо пазней сталі называць яго ледзь не “ідэалагічнай дыверсіяй”. Але кліп пайшоў ужо гуляць па прасторах інтэрнэту і ў выніку стаў інтэрнэт-мемам.

    Тэлефанавалі ажно з НТВ з Масквы, пыталіся, а ці ёсць у Акцябрскім аэрадром, каб самалётам прыслаць студыйную брыгаду зняць “патрыятычны шэдэўр БРСМ”. Нармальны сцёб! Потым з райвыканкама паведамілі, што прыедзе нацыянальнае тэлебачанне. Карацей, закруцілася. Мяне пасля гэтага тройчы звальнялі з Дома дзіцячай творчасці. І кожны раз давалі адбой. Праз некаторы час я сам звольніўся і заняўся фатаграфіяй як індывідуальны прадпрымальнік.

    — Але ж не кінуў займацца народнай журналістыкай.

    — Не, не кінуў. Ды як кінуць, калі “Рудабельскую паказуху”, бывае, наведваюць за суткі 7–9 тысяч прыхільнікаў. Якіх толькі тэм мы на сваёй старонцы не абмяркоўвалі! Стан медычных устаноў і спартыўных збудаванняў у райцэнтры, неабгрунтаваную рэкламу піва і спіртовых напояў, абмялелыя вясковыя калодзежы і руйнаванне помнікаў ахвярам фашызму, імунізацыю падрастаючага пакалення супраць грыпу і куплю райвыканкамам за бюджэтныя грошы шыкоўнага аўто. Ставяцца на абмеркаванне і розныя агульначалавечыя пытанні, а таксама практыка дзяржаўнага кіравання, кшталту: “Ці адчуваеце вы сябе вольным чалавекам?”, “Ці павінен райвыканкам трымаць справаздачу перад насельніцтвам?”, “Якога прэзідэнта вам хацелася б мець у Беларусі?”

    Бывалі выпадкі, калі пасля відэа ў “Рудабельскай паказусе” па ўказаных адрасах на жывёлагадоўчыя фермы выпраўляліся камісіі дзяржаўнага кантролю і пацвярджалі факты бязладдзя і падзяжу жывёлы ад бяскорміцы. Кіраўнікам гаспадарак давалі па шапцы.

    Мы ж, у сваю чаргу, уручалі падзякі вяскоўцам, якія паведамлялі пра факты безгаспадарлівасці. Да нас даходзілі чуткі, што часцяком раніца ў райвыканкаме пачыналася з навін нашай групы. Мы ламаем тыя загародкі, у якія нас заганяе ўлада — вось ваша месца, ваша стойла.

    — На апошніх старонках“Рудабельскай паказухі” заўважныя новыя фарматы — сатырычныя. Прыкладам, тыя ж “Дзіванныя новасці”. Хіба традыцыйныя відэарэпартажы і зацемкі са здымкамі ўжо не задавальняюць рудабельцаў?

    — Калі заўважаю, што дзелавы стыль рудабельцам надакучвае, то звычайна бяруся за гітару, складаю песні на злобу дня — з гумарам, бывае, з едкай сатыраю. Прыкладам, пра шыкоўны джып Touareg, набыты райвыканкам у год беражлівасці, або пра царкоўныя паслугі, кошт якіх паказаны ў грашовых купюрах. Феерычнай атрымалася ў нас з Васілём Качэнем песня пра “бацьку”.

    Бацька наш — гэта прагрэс,
    Бачыш, як расце АЭС.
    Кажам мы суседзям з НАТО:
    “Не, не лясне мірны атам”.
    Будаваў, будаваў —
    Два разы рэактар ўпаў.

    Сатырычныя “Дзіванныя новасці” і мы з Васілём распачалі, каб дадаць крыху перцу ў нашыя паведамленні. Смяючыся, людзі пазбаўляюцца ад скаванасці і страху, пашыраюць зону ўласнай свабоды. Заадно хтосьці, як кажуць, не адрываючыся ад канапы, напіша навіну для нашых “Дзіванных навасцей”. Агляд дзяржаўнай раённай газеты “Чырвоны Кастрычнік” мы падаём у гумарыстычнай перадачы “Адураюшчы “ЧК”.  Перадачы рыхтуем на “трасянцы”. Мабыць, гэта не лепшы варыянт — лепей бы на добрай беларускай мове. Але мяркуем, што праз “трасянку” людзі хутчэй далучацца да роднай мовы. Бо зараз паўсюдна пануе расейская мова. Чыноўнікі цураюцца беларускай мовы. Яна пачала знікаць з адукацыі, з грамадскага жыцця ў цэлым. Нават у раней цалкам беларускамоўным “Чырвоным Кастрычніку” цяпер рэдка сустрэнеш беларускае слова. І як не дзіўна, але ніхто ў Беларусі не абараняе правы чалавека, які хоча размаўляць на мове тытульнай нацыі.  Ні хто іншы, а менавіта дзяржава адказная перад грамадзянінам за стварэнне ўмоў для свабоднага і годнага развіцця асобы.

    — Андрэй, у цябе складваліся даволі няпростыя дачыненні з мясцовымі органамі ўлады — райсаветам, райвыканкамам. Чыноўнікі забаранялі прысутнічаць на апаратных нарадах, на сесіях райсавета, дзе вырашаюцца пытанні развіцця раёна.Чаму было важна патрапіць на такія нарады?

    — Сапраўды, калі я прыходзіў у райвыканкам з камерай, пачыналася ледзь не паніка, хоць, паводле беларускіх законаў, органы ўлады працуюць у нас адкрыта і галосна. Мяне выводзілі з райвыканкама з міліцыяй, складалі адміністрацыйныя пратаколы. І гэта лішні раз пацвярджала ўзровень дэмакратычнасці сфармаванай ў краіне ўладнай “вертыкалі” і залежных ад яе прадстаўнічых органаў. Між тым усе гэтыя выканкамы, саветы, адміністрацыі існуюць на нашыя з вамі падаткі — мы іх утрымліваем. Народ з’яўляецца адзінай крыніцай дзяржаўнай улады і носьбітам суверэнітэту ў Рэспубліцы Беларусь.

    Я намерваўся рабіць стрым з апаратнай нарады і сесіі райсавета — і нічога болей. Хацеў, каб рудабельцы ўвачавідкі бачылі, як працуюць слугі народа. Але ж не, не дазвалялі, спасылаючыся на імі ж прынятыя правілы ўнутранага распарадку. Летась у верасні супрацоўнікі міліцыі гвалтам вывелі мяне з залы пасяджэнняў сесіі райсавета, дзе разглядалася выкананне ў раёне праграмы занятасці насельніцтва.

    Я аспрэчыў такія дзеянні міліцыі раённаму пракурору. У пісьмовым адказе пракурор Акцябрскага раёна Андрэй Лявончык паведаміў мне, што няма падстаў прымаць меры пракурорскага рэагавання, бо міліцыя спрацавала на выклік з залы пасяджэнняў сесіі райсавета. І паколькі я нібыта адмовіўся пакінуць дэпутацкае крэсла, то маёр Гапоненка “ўзяў пад руку і выправадзіў”. Пры гэтым пракурор дадаў: “Якіх-небудзь баявых прыёмаў і спецыяльных сродкаў міліцыя ў дачыненні вас не прымяняла. Дзеянні супрацоўнікаў міліцыі былі накіраваны на ахову грамадскага парадку, а не на парушэннне вашых правоў на атрыманне інфармацыі”.

    — Наколькі вядома, ты з гэтым не пагадзіўся. Судзіўся?

    — Так, звярнуўся з пазовам у суд на дзеянні супрацоўнікаў райвыканкама і райсавета. Лічыў і лічу, што чыноўнікі парушаюць маё канстытуцыйнае права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі пра дзейнасць дзяржаўных органаў. Такое права мне гарантаванае як нацыянальным заканадаўствам, так і міжнароднымі дамовамі, якія падпісала Беларусь.

    Пазоў мой разглядаў спачатку Акцябрскі раённы суд, але яшчэ на стадыі разбіральніцтва здарыўся скандал: у перапынку на стале прадстаўніка пракуратуры выявілася загадзя падрыхтаванае рашэнне. Суддзя пасля гэтага ўзяў самаадвод. Справу перадалі на новы разгляд у Мазырскі раённы суд, а той адхіліў мой пазоў да чыноўнікаў.

    — Была ж яшчэ і гісторыя з майкай, якая ўслаўляла чыноўнікаў з Акцябрскага.  Чаму выбраў для майкі фотаздымкі намесніка старшыні па ідэалогіі і кіраўніцу спраў райвыканкама — за тое, што яны найперш абмяжоўваюць зону свабоды рудабельцаў?

    — Можна сказаць і так. Яны ў першую чаргу забараняюць пікеты, мітынгі, не пускаюць у райвыканкам. Я перавёў на майку партрэты намесніка старшыні райвыканкама Уладзіміра Елісеева і кіраўніцы спраў Валянціны Шлапаковай і зрабіў надпіс пад імі “Яны любяць цябе”. У гэтай майцы прыйшоў на цэнтральную плошчу, дзе здымаў выпускнікоў школ. Чыноўнікі пакрыўдзіліся, напісалі заявы ў міліцыю. Маўляў, блогер абразіў іх гонар, зганьбіў пачуцці сям’і. Міліцыя не выявіла знявагі ў фотаздымку і надпісе. Але тым справа не скончылася.                                                           Пра пераслед за майку з чыноўнікамі расказаў беларускамоўны тэлеканал “Белсат”. І хоць я быў у гэтым сюжэце галоўным героем, мне прыпісалі незаконны выраб прадукцыі СМІ для “Белсата” і ўрэшце праз суд аштрафавалі.

    — Нераўназначны двубой: блогер чыноўнікаў смехам, а яны ў адказ — рублём. Так атрымліваецца?

    — Не зусім так. Бо, апрача пратаколаў і штрафаў, ужываюцца і больш жорсткія рэпрэсіўныя меры. 20 сакавіка да мяне ў кватэру явіліся міліцыянты і следчыя і ўчынілі ператрус. Забралі відэакамеру, мабільнік, планшэт і два сістэмных блокі да камп’ютараў. Затрымалі і мяне самога, западозрыўшы ў заведама ілжывым паведамленні на электронную пошту абласнога МНС пра мініраванне райвыканкама. А гэта ўжо тэрарыстычны акт супраць органа дзяржаўнай улады. На выхадзе — крымінальная справа з санкцыяй да пяці гадоў турэмнага зняволення. Як кажуць, адзенне ў палоску, а неба — у клетку. Такая вось  “свабода” за пашырэнне ўласнай зоны свабоды.

    Праўда, праз дзевяць дзён крымінальны пераслед у дачыненні да мяне Упраўленне СК па Гомельскай вобласці спыніла, але канфіскаваную тэхніку не вярнулі. Думаю, што ўсё гэта наўпрост звязана з маёй актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Заадно правяралі, хто за блогера з глыбінкі заступіцца.

    Раённы пракурор на маю скаргу адказаў, што я быў затрыманы абгрунтавана, паколькі меліся дастатковыя падставы падазраваць мяне ў здзяйсненні злачынства. Але дзіўна, куды яны падзеліся праз пяць гадзін, калі мяне адпусцілі з міліцыі. Таму я нядаўна папрасіў пракурора вобласці правесці праверку, прызнаць маё затрыманне незаконным і абавязаць міліцыю неадкладна вярнуць мне  адабраную тэхніку.

    ***

    Андрэю Павуку 36 гадоў, ён сябра ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў”. Жанаты, з жонкай гадуе сына і дачку. Сам нарадзіўся ў Нароўлі, адкуль пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС з бацькамі пераехаў у Акцябрскі. Лічыць сябе рудабельцам, бо менавіта тут пачалося ягонае свядомае жыццё, тут нарадзіліся яго дзеці.

     

    Андрэй Павук: Калі спяваў у вёсцы, думаў, што кіёчкам па галаве ляснуць. Але не — пахвалілі

    Андрэй Павук: Як можна разняволіць людзей? Толькі калі мы смяемся

    Праваабаронцы “Вясны” занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася вакол блогера Андрэя Павука

    Чыноўнікі пакрыўдзіліся на блогера за тое, што змясціў іх фота на майцы

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Акцэнты

    Чацвёра з дзесяці сышлі з прафесіі. Як абышоўся «Талібан» з журналістыкай у Афганістане

    01.03.2024
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці