• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як дзве дзяржаўныя газеты ў трох артыкулах абвяргалі адзін «экстрэмісцкі» паблік

    Гэтая гісторыя пачалася са звычайнай скаргі. Жыхар пасёлка Копысь, што ў Аршанскім раёне, наважыўся паскардзіцца на заняпад жыцця ў правінцыі. Свой ліст ён адрасаваў асабіста Аляксандру Лукашэнку — як земляку і ўплывовай асобе, здольнай, на думку адрасанта, адрадзіць усё, што страцілі мясцовыя жыхары за апошнія гады.

    Невядома, якімі шляхамі, але гэтая скарга трапіла да адміністратараў аднаго з віцебскіх паблікаў, прызнаных «экстрэмісцкімі матэрыяламі». І замест таго, каб проста не заўважыць, што там пішуць «у інфармацыйнай памыйцы», як кажуць праўладныя прапагандысты, адразу дзве дзяржаўныя газеты — аршанская раённая і віцебская абласная — узяліся абвяргаць выкладзенае ў лісце, які, напэўна, яшчэ нават і не дайшоў да адрасата.  

    Праз пару дзён пасля таго, як ліст жыхара Копысі прадэманстравалі ў «экстрэмісцкім» тэлеграм-канале, у «Аршанскай газеце» выйшаў артыкул «Чем живет Копысь сегодня?». Артыкул натхніў журналіста і рэдактара незалежнага сайта orsha.eu Ігара Казмярчака выказаць уласнае бачанне падзей:

    «Жыхар Копысі напісаў наступнае: насельніцтва малой радзімы Лукашэнкі вымірае і выязджае. У пасёлку зачыніўся сырзавод, зачынілася пякарня, будынак мясцовага лясніцтва выстаўлены на продаж, зачыніліся дзве кавярні. Ну, і яшчэ крыху па дробязі, што не ўнікальна, і ў іншых мястэчках ды вёсках таксама адбываецца. І вось, каб абвергнуць гэты негатыў, у Копысь у снег і непагадзь выпраўляюць журналістку «Аршанскай газеты» Людмілу Маршаловіч. Неўзабаве  выйшаў ейны поўны аптымізму (рэдакцыі так падаецца) артыкул пра рэальныя (чытачам так павінна падавацца) справы ў мястэчку».

    Што спрабуе давесці журналістка, пералічыць таксама няцяжка. Копысь, маўляў, адзін з найлепшых пасёлкаў раёна. Не паспрачаешся: населеных пунктаў, якія маюць статус пасёлка, на Аршаншчыне ўсяго тры. Так, копыскі цэх па вытворчасці сыроў сапраўды зачынены, але мае перспектывы — яго выкупіла фермерская гаспадарка. І будынак лясгаса зачынены, але ён гатовы да продажу і проста чакае свайго пакупніка. І кавярні насамрэч не працуюць. Адну перадалі стратнаму Дому рамёстваў, які яшчэ не прыдумаў, як яе выкарыстаць, а другую выкупіў новы ўладальнік і пакуль што афармляе дакументы. «Пра старую копыскую пякарню, якая зачынілася ў 2003 годзе, ужо мала хто і згадвае», — піша журналістка. Затое ў Копысі створана брыгада работнікаў «Спецаўтабазы», ёсць пара-тройка харчовых крам, тут усё яшчэ працуюць школа і пошта, а ў мясцовым Доме культуры рыхтуюць навагоднюю праграму.

    «Сёння пасёлак Копысь жыве сваім цікавым і насычаным жыццём», — так «Аршанская газета» завяршае тэкст, закліканы абвергнуць усё, што было выкладзена ў скарзе мясцовага жыхара, а потым трапіла на прасцягі інтэрнэта.  

    У артыкуле «Чем уникален городской поселок Копысь в Оршанском районе?», напісаны Вольгай Хаецкай для газеты «Витебские вести», шмат статысткі. З яго чытач можа даведацца, што ў Копысі жывуць 795 чалавек, і больш як палова — людзі працаздольнага ўзросту, што ў мясцовай школе — 72 вучні, праўда, няма 10 і 11 класаў — моладзь паехала вучыцца ў вялікія гарады. А яшчэ ў гэтым тэксце выкарыстана вельмі шмат квяцістых выразаў, каб канчаткова пераканаць чытача, што Копысь — гэта «настоящий сгусток истории и настоящая «деревня» будущего», дзе «с высокого берега виден открытый благодаря заботе о малой родине главы государства Александра Лукашенко мост, соединяющий Витебскую и Могилевскую области».

    «Если до 2003 года это был умирающий поселок, то сейчас Копысь — образец для подражания» — у гэтых словах заключаны галоўны пасыл артыкула. Бо тут ёсць святло, газ і цэнтральная сістэма водазабеспячэння, тут заасфальтаваныя вуліцы, а ўздоўж іх — пафарбаваныя платы.

    А наконт таго, чаго ў Копысі няма, і пра што піша ў сваёй скарзе да Лукашэнкі мясцовы жыхар, дык выснова аўтаркі артыкула простая: так нават і лепей.  Прыкладам, не стала ў пасёлку пякарні, дзе пяклі «исключительный хлеб, рецепты которого уже утрачены», дык і не трэба, — бо «в магазинах представлен широкий ассортимент  хлебо-булочных изделий».

    Згадваецца ў артыкуле і тое, што Копысь у якасці месца жыхарства прываблівае нават іншаземцаў: тут ёсць сем’і з Расійскай Федэрацыі і з Казахстана, і нават нямецкія сваякі казахстанскіх перасяленцаў «напісалі заявы на набыццё ўчастка пад будаўніцтва»…

    Здавалася б, усё — пераканалі нават самых недаверлівых чытачоў. Але ж не: наўздагон «Аршанская газета» размяшчае яшчэ адзін артыкул «Как это сделано. Копысь — место для жизни».

    Аўтар тэксту гэтым разам не названы, як і аўтары фотаздымкаў і відэа, што складаюць большую частку публікацыі. Чытачу прапануецца на ўласныя вочы паглядзець, як «в любую пору года Копысь чарует своей красотой». Тут на здымках прадпрыемствы, якія вось-вось пачнуць працаваць, і кавярня, дзе «ўжо ўвосень 2024 года запрацуе міні-пякарня», і бальнічная палата, і школьны клас, і сувенірныя вырабы мясцовых майстроў. Карацей, усяго, «что сделано для комфорта людей на малой родине президента».   

    Магчыма, у гэтым і ёсць разгадка надзвычайнай актыўнасці дзяржаўных СМІ: жыхар Копысі наважыўся напісаць пра заўважаныя ім недахопы на радзіме прэзідэнта самому Лукашэнку?

    Але ёсць і іншы бок у гэтай публічнай спрэчкі, ініцыяванай афіцыйнымі выданнямі. На пасяджэнні калегіі Міністэрства інфармацыі, якое прайшло 1 снежня ў Віцебску, міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў зноў заяўляў, што праца «рэгіянальнай прэсы мае важнае значэнне ў эпоху істотнай трансфармацыі і інфармацыйнай вайны».

    Незадоўга да таго мясцовым уладам давялося канстатаваць, што дзяржаўныя медыі саступаюць недзяржаўным у выкладанні навін, і гэтым яны фармуюць у чытачоў «няправільнае» ўспрыманне рэчаіснасці. Таму перад рэгіянальнымі СМІ паставілі задачу «максімальна падвысіць эфектыўнасць прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы вобласці і краіны». Падобна, «максімальна падвысіць» у разуменні рэгіянальных рэдакцый і азначае адказваць трыма артыкуламі на нататку «экстрэмісцкага» медыярэсурсу.

    Чытайце яшчэ:

    Андрэй Бастунец: Больш за 20 беларускіх медыяарганізацый прызнаныя «экстрэмісцкімі фармаваннямі»

    Першы прэзідэнт Літвы прамаўляў прысягу ў тым ліку па-беларуску. На якіх прыкладах беларусам і літоўцам лепш зразумець адзін аднаго

    Бывших сотрудниц светлогорской медиакомпании «Ранак» обвиняют в создании «экстремистского формирования»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці