У Светлагорску міліцыя затрымала фрылансераў, якія здымалі на цэнтральнай плошчы спілаваныя елкі
11 лістапада ў Светлагорску міліцыя затрымала журналістаў-фрылансераў Аляксея Атрошчанку і Кастуся Жукоўскага, а разам з імі і кіраўніка раённай арганізацыі Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Сяргея Дайнеку.
На цэнтральнай плошчы горада яны разам здымалі на відэакамеру спілаваныя елкі і арэхавыя дрэвы. На іх месца мясцовыя ўлады збіраюцца пасадзіць экзатычныя туі, як гэта робіцца ў іншых месцах.
“Спачатку да нас падышла невядомая жанчына, — апавядае Сяргей Дайнека, — стала лаяцца: “Што гэта апазцыя, БНФ тут робіць?”, а следам за ёй і міліцыянты патрульна-паставой службы з пытаннямі: “Чаго шуміце? Хто такія? Што робіце? Вашы дакументы?” Мы, канечне, паказалі дакументы. Патлумачылі, што здымаем абнаўленне плошчы. Тады міліцыянты сталі дапытвацца ў фрылансераў , ці ёсьць акрэдытацыя, дазвол на відэаздымкі?”
Па словах Дайнекі, неўзабаве на плошчы з’явіўся яшчэ адзін міліцыянт, які назваўся маёрам Вяжэвічам, і таксама запатрабаваў дакумэнты. І зноў-такі стаў пытацца ў Атрошчанкі і Жукоўскага пра акрэдытацыю.
“Дык правяралі ўжо! Ці чарга ўжо на праверку?” — пацікавіўся Жукоўскі.
Маёр загадаў ісці за ім ў райаддзел міліцыі, які знаходзіцца побач, пры цэнтральнай плошчы.
Першым пад запіс апыталі Дайнеку і адпусцілі. За ім з міліцыі выйшаў Аляксей Атрошчанка:
“У мяне пад пратакол дагледзелі рэчы і склалі пратакол апытання”, — паведаміў Аляксей Атрошчанка.
Праз тры гадзіны з РАУСу адпусцілі і Кастуся Жукоўскага:
“Мяне таксама апытвалі, даглядалі рэчы, але пратакол не склалі. Відаць, часу не хапіла — тры гадзіны й без таго трымалі. Я сам напісаў скаргу на грубыя паводзіны маёра і незаконнае затрыманне. Ён у міліцыі, па сутнасці, цягнуў мяне, ды так, што я сам з камерай стукаўся аб дзверы. Не правяраў дэталёва, можа, яшчэ апаратура пашкоджаная”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ”.