На брэсцкіх фрылансераў неўзабаве могуць быць складзены новыя пратаколы за працу без акрэдытацыі
Пра гэта стала вядома пасля таго, як сябры ГА “БАЖ”, журналісты-фрылансеры Яўген Скрабец, Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава 21 кастрычніка наведаліся ў міліцыю па позвах.
Як паведаміў службе маніторынгу ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Яўген Скрабец, яго асабіста дапытваў капітан міліцыі Дзмітрый Селейковіч.
“Са слоў супрацоўніка міліцыі вынікала, што ў дачыненні да мяне ладзяцца праверкі наконт двух фактаў правапарушэнняў паводле часткі 2 артыкула 22.9 КаАП РБ за матэрыялы, змешчаныя на сайце “Радыё Рацыя” сёлета 27 верасня і 4 кастрычніка. Другі з гэтых матэрыялаў звязаны з сітуацыяй вакол будаўніцтва акумулятарнага завода, а першы – зусім на іншую тэму”, – распавёў Яўген Скрабец.
Журналіст адмовіўся даваць тлумачэнні, спаслаўшыся на артыкул 27 Канстытуцыі РБ. Ён хадайнічаў, каб падчас апытання была магчымасць весці аўдыё і відэазапіс, а таксама рабіць фотаздымкі, аднак у гэтым Яўгену Скрабцу было адмоўлена. Пасля гэтага яму выдалі новую позву на 24 кастрычніка. Брэсцкі фрылансер не выключае, што менавіта ў гэты дзень будзе складзены адзін ці некалькі адміністрацыйных пратаколаў.
У дачынені Алеся Ляўчука і Міланы Харытонавай, якіх таксама выклікалі ў міліцыю апоўдні ў нядзелю, вядзецца праверка наконт іх супрацоўніцтва з тэлеканалам “Белсат”.
Журналісты не сумняваліся, што позвы былі выпісаныя на 12 гадзін ў нядзелю не выпадкова – менавіта ў гэты час штотыдзень на цэнтральнай плошчы Брэста адбываюцца сустрэчы праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага завода. Мясцовыя ўлады жадаюць пазбегнуць грамадскага рэзанансу, а таму робяць захады, каб прадстаўнікі незалежных СМІ не асвятлялі гэтую падзею.