Магілёўскі журналіст дайшоў да намесніка Следчага камітэта, каб пакараць міліцыянта і чыноўніка
Спрабуючы прыцягнуць чыноўніка і міліцыянта да адказнасці за перашкоду прафесійнай дзейнасці, магілёўскі журналіст Уладзімір Лапцэвіч дайшоў да намесніка старшыні Следчага камітэта Сяргея Аземшы. А перад гэтым журналіст атрымаў ўжо дваццатую па ліку пастанову аб адмове распачынаць крымінальную справу па яго скарзе.
Раніцай 27 лістапада Уладзімір Лапцэвіч пабываў у Мінску на асабістым прыёме ў намесніка старшыні Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь, генерал-маёра юстыцыі Сяргея Аземшы. Лапцэвіч падрабязна распавёў яму, як магілёўскія следчыя ўжо два гады не могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці чыноўніка і супрацоўніка міліцыі, якія перашкаджалі працы журналіста.
Нагадаем, што 29 красавіка 2017 года супрацоўнік адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Канстанцін Кісцянёў і ўчастковы інспектар Сяргей Калеснікаў не пусцілі журналіста інфармагенцтва БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча ў залу пасяджэнняў адміністрацыі Ленінскага раёна.
Там павінен быў адбыцца сход чальцоў гаражнага кааператыва “Спутник-2008”, ініцыяваны раённымі ўладамі. Чальцы кааператыва хацелі, каб пасяджэнне прайшло галосна і запрасілі на сход карэспандэнта БелаПАН Уладзіміра Лапцэвіча. Аднак работнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі і добраўпарадкавання адміністрацыі раёна Канстанцін Кісцянёў, які выступаў арганізатарам мерапрыемства, адмовіўся прапускаць журналіста ў залу пасяджэнняў. Ён таксама адмовіўся выдаць кнігу заўваг і прапаноў, калі Уладзімір Лапцэвіч запатрабаваў яе, каб напісаць скаргу.
Такія дзеянні чыноўніка журналіст палічыў незаконнымі і выклікаў нарад міліцыі. Чакаць прыезду праваахоўнікаў ён застаўся ў памяшканні, дзе праходзіла рэгістрацыя ўдзельнікаў сходу чальцоў гаражнага кааператыва. Аднак участковы Ленінскага РАУС Магілёва Сяргей Калеснікаў не дазволіў журналісту знаходзіцца ў гэтым памяшканні і вывеў яго адтуль з прымяненнем сілы.
Ужо два з паловай гады Лапцэвіч спрабуе прыцягнуць чыноўніка і міліцыянта да крымінальнай адказнасці за перавышэнне службовых паўнамоцтваў і злоўжыванне ўладай. Аднак супрацоўнікі Следчага камітэта ўпарта пішуць адмовы ва ўзбуджэнні крымінальнай справы. Пасля гэтыя пастановы следчых адмяняюцца альбо судом, альбо кіраўніцтвам Следчага камітэта, бо праверкі праводзіліся няякасна, і скаргі Лапцэвіча зноў накіроўваюцца на разгляд у Следчы камітэт.
“Напрыканцы мінулага тыдня я атрымаў за подпісам следчага Рыбакова ўжо дваццатую пастанову аб адмове распачынаць крымінальную справу супраць Кісцянёва і Калеснікава”, — распавёў Уладзімір Лапцэвіч карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ”.
У пастанове маёр юстыцыі Рыбакоў зноў даводзіць, што Уладзімір Лапцэвіч, які на той момант працаваў карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелаПАН па Магілёўскай вобласці і меў адпаведнае заканадаўству пасведчанне журналіста, наогул не з’яўляецца журналістам. Следчы спасылаецца на тлумачэнне Міністэрства інфармацыі, што “аўтарская дамова не можа быць дакументам, які пацвярджае наяўнасць працоўных адносін паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН”. Між тым, паміж Лапцэвічам і ЗАТ “БелаПАН” была заключаная менавіта аўтарская дамова на ажыццяўленне дзейнасці ў якасці карэспандэнта інфармацыйнага агенцтва.
Такім чынам супрацоўнікі Следчага камітэта з дапамогай Міністэрства інфармацыі ўсё ж знайшлі выйсце, як не прыцягваць да адказнасці чыноўніка і міліцыянера за перашкоду працы журналіста, адзначае Лапцэвіч.
Журналіст кажа, што ён распавёў Сяргею Аземшы “пра ўвесь гэты цырк”, які працягваўся два з паловай гады, але нейкай рэакцыі з боку генерал-маёра юстыцыі не заўважыў.
“Мая мэта — патрапіць на прыём да старшыні Следчага камітэта Івана Наскевіча, такую задачу я паставіў для сябе асабіста. Для гэтага патрэбна прайсці ўсе стадыі для звароту ў вышэйшыя інстанцыі. Асабісты прыём у Сяргея Аземшы быў чарговай прыступкай, якая наблізіла мяне да выканання гэтай мэты”, — адзначыў Уладзімір Лапцэвіч.