• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Галоўнае ў Беларусі»: Кацярына Пытлева запусціла ўласны ютуб-праект

    Кацярына Пытлева, вядомая журналістка і праграмная дырэктарка «Маланка Медыя», распачала ўласнае ютуб-шоу «Галоўнае ў Беларусі». Мэта — расказваць самае галоўнае пра падзеі для тых, хто стаміўся ад плыні навінаў, піша «Наша Ніва».

    Кацярына расказвае, што новы праект яна задумала ўжо даўно: «Насамрэч хацела рабіць сваё яшчэ да ад’езду з Беларусі, але потым занялася «Маланкай» і ўсімі праектамі ўнутры яе. Цяпер, пасля рэмісіі па раку, стала лягчэй са здароўем, ёсць сілы працаваць і ёсць ідэі — самы час рабіць тое, чаго хоча душа. Зразумела, што ў рамкі «Маланкі» гэтыя ідэі не надта ўпісваюцца, бо «Маланка» надбала больш медыйны фармат. Мне хочацца недзе пахуліганіць, недзе паіранізаваць і ўплесці жартачкі, а гэта ўжо не зусім яе фармат».

    Пытлева робіць праект разам з мужам Аляксеем Каўганавым. Да падзей 2020 года, тлумачыць беларуска, Аляксей увогуле не меў дачынення да тэлебачання, але цяпер ён зацікавіўся відэа і ўдасканаліў свае ўменні мантажора. Таму пара вырашыла, што Каўганаў стане відэаінжынерам праекта і будзе дапамагаць жонцы рэалізоўваць яе візуальныя ідэі.

    Збольшага гэта навіновы праект, але там будзе і аналітыка, і гумар, тлумачыць Кацярына: «Па «Маланцы» і па іншых беларускіх медыя заўважыла, што людзі стаміліся пастаянна сачыць за навінамі, з пункту гледжання псіхалогіі проста немагчыма кожны дзень усё гэта чытаць. Вельмі мала такіх праектаў, куды можна было б перыядычна заходзіць і даведвацца, што важнага здарылася, а тут я зразумела, што магу і хачу гэта рабіць. У свой час мела праект «Усё адразу», гэта таксама былі штотыднёвыя дайджэсты, так што маю такі досвед.

    Умею і люблю гэта рабіць: коратка расказваць, абагульняць, прыводзіць меркаванне аналітыкаў. Мне здаецца, гэта вельмі актуальна ў наш спешны час, калі настолькі шмат інфармацыйных плыняў. Сутнасць у тым, каб людзі, якія ўжо стаміліся ад навінаў і не жадаюць сачыць за імі штодзень, маглі зайсці раз на тыдзень на ютуб і быць у курсе галоўнага».

    Наяўнасць новага шоу не азначае, што Пытлева сыходзіць з «Маланкі», яна будзе працаваць з абодвума праектамі паралельна.

    Выпускі «Галоўнага ў Беларусі» будуць выходзіць штотыдзень, таксама Кацярына плануе працаваць з тыктокам.

    Журналістка мяркуе, што ў беларускім ютубе мусіць быць больш розных праектаў, якія маглі б задаволіць густы і патрэбы гледачоў усіх катэгорый. У самім шоу, абяцае Кацярына, знойдзецца месца меркаванням з розных бакоў: «Я не экспертка, а журналістка, і мушу аб’ектыўна прадстаўляць розныя пункты гледжання, што я і раблю. Не кожны чалавек знойдзе час вывучаць розныя погляды, тое, што кажа той ці іншы бок. Таму бачу сутнасць гэтага праекта ў тым, каб таксама прыводзіць водгукі экспертаў з абодвух бакоў — і з боку праўладнай аналітыкі і чыноўнікаў, і з боку незалежных медыя і экспертаў. Як журналістка, я абавязаная быць аб’ектыўнай, таму не дазваляю сабе больш за рэдкую іронію ці часам нейкія жарты. Але гэта больш датычыцца не сур’ёзных падзей, а крынжу, які здараецца ў Беларусі штотыдзень».

    Чытайце яшчэ: 

    Новая прадстаўніца медыя за кратамі ў Беларусі — Таццяна Пыцько. Цяпер у няволі 34 прадстаўнікі медыя 

    Возвышенные и униженные. Каков медийный эффект марша Пригожина?

    «Сёньня YouTube — гэта тэлевізар для адэкватных». Расказваем пра тг-канал, дзе сабралі беларускі відэакантэнт

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці