• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Генадзя Мажэйку два дні запар уносяць у «чорныя спісы» сілавікоў – спачатку КДБ, а потым і МУС

    Прозвішча былога карэспандэнта газеты «Комсомольская правда» в Беларуси» Генадзя Мажэйкі з’явілася ў пераліку грамадзян, датычных да экстрэмісцкай дзейнасці. Журналіст, асуджаны да 3 гадоў калоніі, утрымліваецца ў СІЗА № 1 Мінска і чакае пераводу ў калонію.

    У «экстрэмісцкім» спісе Міністэрства ўнутраных спраў РБ, абноўленым 30 чэрвеня, Генадзь Мажэйка значыцца пад № 2980 — сам пералік упэўнена набліжаецца да трох тысяч.

    «Грамадзянам, уключаным у названы пералік, да пагашэння судзімасці і на працягу 5 гадоў пасля яе пагашэння забараняецца займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў, выдавецкай і педагагічнай дзейнасцю, а таксама займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу. Фінансавыя аперацыі такіх грамадзян падлягаюць асабліваму кантролю з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці», — адзначаецца на сайце ведамства.

    Адметна, што літаральна напярэдадні Генадзя Мажэйку не абышла ўвагай іншая дзяржструктура – Камітэт дзяржбяспекі РБ. Цяпер ён у спісе асобаў, якія нібыта «маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці».

    Як і ў выпадку з мусаўскім пералікам, пападанне ў базу КДБ цягне для фігурантаў перадусім службовыя і фінансавыя абмежаванні. Так, накладаецца забарона на распараджэнне і карыстанне грашовымі сродкамі, правядзенне фінансавых аперацый — напрыклад, адмова ў правядзенні дзяржаўнай рэгістрацыі нерухомай маёмасці і правоў на яе, рэгістрацыі ўгодаў з каштоўнымі паперамі, ажыццяўленне натарыяльнага дзеяння, якое адносіцца да фінансавай аперацыі, і шмат што іншае.

    Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь. Падставай сталі падзеі ў Мінску 28 верасня, калі ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Sys­tems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца байцы спецпадраздзялення КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў аператыўніка Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі яго самога.

    У нататцы пра надзвычайнае здарэнне карэспандэнт «Комсомолки» спаслаўся на аднакласніцу Андрэя Зельцэра, якая прыязна згадала пра сябра дзяцінства. За «гераізацыю тэрарыста» Міністэрства інфармацыі неадкладна заблакавала сайт выдання (kp.by), у адказ расійскія заснавальнікі заявілі пра немагчымасць дзейнасці беларускай рэдакцыі. 

    Спачатку Генадзю Мажэйку інкрымінавалі «распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці» паводле ч. 1 арт. 130 КК, а ўжо падчас следства з’явіўся эпізод на падставе ч. 1 арт. 368 КК — «Абраза прэзідэнта». Нібыта на сустрэчы выбарцаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім той «на мяжы фолу» крытыкаваў кіраўніка краіны.

    Генадзь Мажэйка адпачатку называў інкрымінаваныя абвінавачанні «абсурднымі», не прызнаўшы сваёй віны ні па адным з прад’яўленых артыкулаў.

    Між тым 23 сакавіка Мінскі гарадскі суд пакараў карэспандэнта «Комсомольской правды» в Беларуси» Генадзя Мажэйку 3 гадамі калоніі агульнага рэжыму. Рэзанансны працэс над супрацоўнікам беларускай рэдакцыі расійскай газеты «Комсомольская правда» в Беларуси» заняў амаль 4 месяцы.

    Вярхоўны суд пакінуў апеляцыйную скаргу ў сіле, не знайшоўшы падставы прынамсі змякчыць пакаранне. Цяпер журналіст чакае этапавання для адбыцця пакарання ў папраўчую калонію.

    Чытайце яшчэ:

    Аператару Паўлу Падабеду прысудзілі 4 гады калоніі

    «Вялікую ролю грае матывацыя кандыдата». Рэдактары недзяржаўных медыя далі парады суіскальнікам працы

    Эксклюзівы і інсайды пра Гомель і вобласць: як пратэсны праект урбаністаў ператварыўся ў паспяховае рэгіянальнае выданне

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці