«Пазыцыянавала сябе як жонку палітвязьня». Дар’я Лосік год за кратамі
Жонку палітвязьня і журналіста Свабоды Ігара Лосіка затрымалі раніцай 18 кастрычніка ў яе дома ў Баранавічах, піша Свабода.
Другі раз сілавікі прыйшлі ў кватэру Лосікаў а палове на восьмую ранку 18 кастрычніка 2022 году. Дар’я з дачкой Паўлінай яшчэ спалі. Падчас ператрусу Дар’і дазволілі патэлефанаваць бацькам, яе маці прыехала на месца, але ў кватэру трапіць не змагла.
Спачатку Дар’ю Лосік затрымалі на тры дні. Пазьней стала вядома пра крымінальную справу «за садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361–4 КК). Падставай для гэтага сілавікі палічылі дадзены ў красавіку 2022 году ў размове з тэлеканалам «Белсат» камэнтар пра сытуацыю зь яе мужам Ігарам Лосікам.
Суд над Дар’яй пачаўся ў Берасьці ў студзені 2023-га. Паводле матэрыялаў справы, у інтэрвію яна «пазіцыянавала сябе як жонку палітвязьня… дала асабістую нэгатыўную ацэнку дзяржаўным органам, да кампэтэнцыі якіх аднесена ажыцьцяўленьне крымінальнага перасьледу і правасудзьдзя… паведаміла, што яе муж не зьдзяйсьняў крымінальных дзеяньняў і асуджаны незаконна… заклікала сваякоў іншых асуджаных узяць зь яе прыклад».
Пракурорка Кацярына Пакала запрасіла для Дар’і два гады пазбаўленьня волі. Такі ж вырак вынес судзьдзя Мікалай Грыгаровіч.
«Калі мяне хацелі пакараць, я прыму гэта з гонарам. Але разам са мной пакаралі маю сям’ю, у тым ліку маю малую дачку», — сказала Дар’я перад агучваньнем прысуду.
Чатырохгадовую дачку Ігара і Дар’і Лосікаў Паўліну даглядаюць бацькі сужэнцаў. Дар’ю неўзабаве пасьля прысуду этапавалі ў Гомельскую жаночую калёнію, дзе яна знаходзіцца дагэтуль. Ігар Лосік адбывае 15-гадовы тэрмін у Наваполацкай калёніі. Родныя Ігара ня маюць зь ім сувязі зь сярэдзіны лютага 2023-га, перапіска паміж Ігарам і Дар’яй таксама забароненая.
Чытайце яшчэ:
Прысуд Паўлу Мажэйку застаўся без зменаў. Днямі яго этапуюць у калонію
Как себе помочь при травме свидетеля в журналистике? Рекомендации психолога
Міністэрства інфармацыі Беларусі абмежавала доступ да сайту mediaiq.info