• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Сайты, YouTube-праекты, аудыяпадкасты. Якія медыйныя праекты з’явіліся ў беларускай інфапрасторы ў 2023‑м

    Не толькі арышты, «экстрэмізм» і блакаванне сайтаў. У беларускай медыяпрасторы ёсць і пазітыўныя інфанагоды. Доказы? Дык вось жа яны — незалежныя праекты, якія запускаюцца нават у крызісныя для журналістыкі часы. БАЖ зрабіў падборку важных для сферы медыястартаў, аб якіх было заўялена ў 2023 годзе.

    Plan B.

    Былая галоўная рэдактарка палітыка-эканамічнага блока Tut.by Вольга Лойка ў гэтым годзе вярнулася ў журналістыку.

    Па-першае, яна зноў разам з Сяргеем Чалым вядзе аналітычную перадачу. Адрозненне толькі ў тым, што цяпер асноўныя эканамічныя падзеі яны аналізуюць на YouTube-канале Беларускага расследавальніцкага цэнтра.

    Па-другое, у чэрвені было абвешчана аб з’яўленні новага СМІ — Plan B. Яго галоўным рэдактарам стала Вольга Лойка. «Аўтарскае медыя аб палітыцы, эканоміке і сэнсе жыцця па два бакі мяжы», — так анансавала праект каманда.

    Цяпер там рэгулярна з’яўляюцца калонкі і меркаванні па найбольш рэзанансных падзеях і заявах чыноўнікаў. Часам артыкулы атрымліваюцца вельмі дыскусійнымі, і выклікаюць спрэчкі.

    На Telegram-канал выдання на момант публікацыі было падпісана больш за 4 тысячы чалавек.

    Праект «Настоящее время. Беларусь»

    У траўні было абвешчана аб старце праекта «Настоящее время. Беларусь». Акцэнт зроблены на візуальных фарматах. Каманда выпускае і доўгія, і кароткія відэа. Зараз на YouTube-канале больш за 40 відэа. Там каля тысячы падпісчыкаў.

    — Гэта ў першую чаргу анлайн-праект, а не тэлевізійная праграма ў класічным сэнсе, — расказваў дырэктар тэлеканала «Настоящее время» Павел Буторын. — Кантэнт будзе адрознівацца ад таго, што мы вырабляем для гледачоў ва Украіне і Расеі. Задача — паведамляць беларусам цікавую і карысную інфармацыю без цэнзуры і абмежаванняў. Распавядаць пра актуальныя праблемы, перш за ўсё ўнутры краіны, але таксама і за яе межамі. Мы не будзем гнацца за навінамі дня, але засяродзім увагу на заканамернасцях, тэндэнцыях, аналітыцы.

    Кантэнт таксама распаўсюджваецца ў Face­book, Insta­gram, Telegram, Tik­Tok.

    Праект «Беларусы могуць»

    Актыўную прафесійную дзейнасць працягвае гродзенскі рэпарцёр Руслан Кулевіч, які цяпер жыве ў Беластоку. Шырока вядома анлайн-выданне MOST, што заснаваў журналіст.

    Але ж на гэтым ён не спыніўся і ў 2023‑м годзе запусціў YouTube-праект «Беларусы могуць». Ролікі прысвечаныя тым, хто пачаў сваю справу ў эміграцыі: нехта адкрыў фудтрак і гатуе бургеры, нехта здымае фільмы для дарослых, нехта вучыць яхтынгу. Усяго выйшла больш за дзесяць відэа.

    — З аднаго боку мы расказваем пра паспяховы прыклад беларусаў насуперак таму, што сцвярджае прапаганда, — расказваў у інтэрв’ю БАЖ Руслан Кулевіч. — З іншага — дапамагаем бізнэсу. Пасля нашых ролікаў беларусы мэтанакіравана ідуць да суайчыннікаў за той жа кавай ці бургерам.

    YouTube-канал Аляксандры Ханевіч

    Яшчэ адзін праект, які пачаўся з лёгкай рукі Руслана Кулевіча, — гэта праект вядомай бабулі з фільма Юрыя Дудзя, Аляксандры Ханевіч. У 71 год беларуска вымушана была выехаць у Польшчу, дзе будуе новае жыццё і расказвае аб гэтым у відэа.

    На дадзены момант на YouTube-канал падпісаны больш за дзве тысячы чалавек. Там каля двух дзесяткаў ролікаў, у якіх вядучая распавядае пра сустрэчы са знакамітымі беларусамі, паездкі і побыт у суседняй краіне.

    — Я часта бывала ў рэдакцыі MOST — завітвала да Руслана і ягоных хлопцаў. А аднойчы наўпрост спытала: як зрабіць свой YouTube-канал? Бо калі я буду распавядаць і тлумачыць людзям свайго пакалення, напрыклад, пра сітуацыю ў Польшчы, то яны хутчэй прыслухаюцца да мяне. Пакуль жа яны глядзяць бэтэшныя перадачы, пераконваць іх складана, — расказвала нам Аляксандра Ханевіч аб тым, як узнікла ідэя.

    YouTube-канал «Пара!»

    У канцы траўня ў YouTube быў зарэгістраваны YouTube-канал «Пара!», які вядуць журналісты Яўген Валошын і Кацярына Ткачэнка. Нядаўна яны сышлі з тэлеканала «Белсат».

    — «Пара!» — гэта слоган, лозунг беларускага паўстання 1661 года, — расказваў у інтэрв’ю «Новаму Часу» Яўген Валошын. — Маскалі захапілі Магілёў, жыхары горада ўпусцілі іх, здаліся акупантам — тая гісторыя вельмі карэлюецца з цяперашняй сітуацыяй у Беларусі: упусцілі ў краіну акупантаў і дазволілі ім нападаць на Украіну. А потым, у адзін з дзён, магілёўцы сказалі: пара, нам не трэба акупацыя, і вынішчылі ўвесь маскоўскі гарнізон.

    Па яго словах, «Пара!» — гэта заклік да духоўнага адраджэння, якое зробіць з Беларусі першую краіну свету. Цяпер на канале 16 відэа і больш за 1 тысячу падпісчыкаў.

    YouTube-шоу «Галоўнае ў Беларусі»

    Вядомая журналістка і праграмная дырэктарка «Маланка Медыя» Кацярына Пытлева абвесціла аб уласным YouTube-шоу, якое плануе рабіць з мужам Аляксеем Каўганавым (ён, відаць, будзе выступаць у якасці мантажора).

    — Цяпер, пасля рэмісіі па раку, стала лягчэй са здароўем, ёсць сілы працаваць і ёсць ідэі — самы час рабіць тое, чаго хоча душа, — прызналася ў размове з «Нашай Нівай» тэлевядучая. — Зразумела, што ў рамкі «Маланкі» гэтыя ідэі не надта ўпісваюцца, бо «Маланка» надбала больш медыйны фармат. Мне хочацца недзе пахуліганіць, недзе паіранізаваць і ўплесці жартачкі, а гэта ўжо не зусім яе фармат.

    Па планах, выпускі «Галоўнага ў Беларусі» павінны выходзіць штодзень. Цяпер на канале пяць ролікаў. Колькасць падпісчыкаў — крыху болей за 300 чалавек.

    — Умею і люблю коратка расказваць, абагульняць, прыводзіць меркаванне аналітыкаў, — анансавала свой праект журналістка. — Мне здаецца, гэта вельмі актуальна ў наш спешны час, калі настолькі шмат інфармацыйных плыняў. Сутнасць у тым, каб людзі, якія ўжо стаміліся ад навінаў і не жадаюць сачыць за імі штодзень, маглі зайсці раз на тыдзень на ютуб і быць у курсе галоўнага.

    Сайт пра літаратуру bellit.info

    Пачаў працаваць сайт bellit.info, які заснаваны Міжнародным саюзам беларускіх пісьменнікаў. Арганізацыя паўстала з ініцыятывы журналіста і літаратара Дзмітрыя Плакса.

    Заснавальнікі сайта паведамляюць пра навінкі выдавецтваў і акумулююць інфармацыю пра беларускіх літаратараў без увагі на ўзрост і час нараджэння, мову і стыль пісьма.

    Таксама на bellit.info размяшчаюцца звесткі пра літаратурную перыёдыку, выдавецтвы, анлайн-праекты, у тым ліку аўдыёвізуальныя і базу экранізацый літаратурных твораў.

    «Медыя Хаб» у Батумі

    У красавіку ў гэтым грузінскім горадзе адкрыўся «Медыя Хаб», ідэя стварэння якога належыць беларускім журналістам Алесю Залеўскаму і Антону Сурапіну. Рэалізацыя праекта заняла амаль год.

    У хабе ёсць прафесійная аўдыя- и відэастудыя, каворкінг, канферэнц-зала, два колбоксы.

    — Для беларусаў, звязаных з беларускім медыясектарам, «Медыя Хаб» прапаноўвае звышвыгодныя ўмовы карыстання. Напрыклад, пра каворкінг: для беларускіх медыйшчыкаў працоўнае месца будзе каштаваць ў шэсць разоў танней, чым сярэдні кошт на такія паслугі ў Батумі. А канферэнц-залай можна будзе скарыстацца ў тым ліку і бясплатна. Напрыклад, калі да нас прыйдзе калектыў нейкай рэдакцыі і захоча правесці тут, скажам, унутраную сустрэчу з мэтай цімбілдзінгу, мы можам прапанаваць памяшканне бясплатна на ўвесь дзень некалькі разоў на месяц, — расказваў Антон Сурапін.

    Новае прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат» у Кіеве

    Нягледзячы на вайну, ва Украіне адкрылася новае прадстаўніцтва тэлеканала «Белсат». Яно працавала і раней, але цяперашні офіс істотна большы.

    — Гэта звязана з тым, што ў нас павялічылася колькасць журналістаў, якія працуюць у Кіеве для «Белсату». А гэта ў сваю чаргу адбываецца таму, што тэлеканал павялічвае і колькасць перадач і агулам надае больш часу асвятленню падзеяў ва Украіне», — паведаміў кіраўнік украінскага офісу Ілля Суздалеў.

    «Наша Ніва» на лацініцы

    Да Дня роднай мовы, які адзначаецца у канцы лютага, выданне «Наша Ніва» зрабіла прыгожы жэст — распрацавала версію на беларускай лацініцы.

    — Як чорт крыжа, так чарнасоценцы баяцца беларускай культуры і асабліва беларускай лацінкі. На сёння тэма пераходу на лацінку несвоечасовая: не тое галоўнае. Але беларусам важна захаваць і гэтую частку нашай традыцыі і перадаць яе наступным пакаленням, — так аргументавалі журналісты гэты крок.

    Яны нагадваюць, што так было да 1912 года, пасля з фінансавых і практычных меркаванняў перайшлі на адзіны, кірылічны варыянт. Але лацінка разам з кірыліцай і арабіцай — традыцыйныя беларускія правапісы. Беларусы актыўна выкарыстоўвалі лацінку з XVII стагоддзя. На ёй выдавалася «Мужыцкая праўда» Кастуся Каліноўскага, а таксама нейкі час «Наша Доля» і «Наша Ніва».

    Аўдыяпадкаст «Теперь понятно»

    Журналісты Таццяна Ашуркевіч і Глеб Ляпейка штотыдзень аналізуюць падзеі ў свеце, якія могуць тычыцца кожнага з нас. Пратэсты ў Францыі, сыход міністра абароны Велікабрытаніі, выбары ў Іспаніі — усё гэта абмяркоўваюць у аўдыёпадкасце «Теперь понятно».

    Па словах аўтараў, пра ўнутраныя беларускія падзеі пішуць усе, а яны хочуць даць аўдыторыі ўнікальны кантэнт, які можа аказваць уплыў і на іх жыццё. 

    — Зразумець навіну з іншай часткі свету — гэта добра, але не менш важна разабрацца, як гэта ўплывае на нас, — тлумачаць журналісты.

    Падкаст распаўсюджвацца на папулярных стрымінгавых платформах і ў Telegram. Размяшчэнне 15–20-хвілінных ролікаў таксама плануецца ў YouTube і Google Pod­cast.

    Часопіс Politzek Times

    Каманда праекта Politzek.me абвесціла, што запускае часопіс Politzek Times. Там распавядаюцца гісторыі палітвязняў, іх вопыт знаходжання ў месцах несвабоды і асаблівасці адаптацыі пасля выхаду з турмы.

    — Мы хочам рыхтаваць рэпартажы, гісторыі, магчыма, нават інтэрв’ю з палітвязнямі, — расказвалі ў гутарцы з БАЖ прадстаўнікі каманды. — Лічым, усё, што звязана з палітвязнямі, варта глыбокага разумення і пільнай увагі.

    Як падкрэслівалі нашы суразмоўцы, героі — гэта не толькі палітвязні, але таксама іх сем’і, сябры, калегі, якія перажываюць не менш моцныя эмоцыі. Бо жыццё кожнага палітвязня закранае цэлы пласт людзей, і яны таксама пацярпелыя ў гэтай драме.

    Таксама супрацоўнікі часопіса імкнуцца паказаць, што не трэба баяцца гэтай тэмы, і прыйшоў час зрабіць крок да больш глыбокага асэнсавання таго, што адбываецца.

    YouTube-канал «Міністэрства сепультуры»

    «Сёння я запускаю свой YouTube-канал «Міністэрства сепультуры», — паведаміў у сакавіку журналіст Аляксандр Чарнуха. — У ім будзе багата ўсяго пра беларускую музыку і не толькі. План — штотыдзень рабіць новыя выпускі. Ну і буду вельмі рады, калі вы падзеліцеся сваім меркаваннем. Што спадабалася, а што — не вельмі. Дзякуй вам, сябры!».

    З таго часу на канале было размешчана 20 відэа. Выпускі прысвечаныя розным музыкальным тэмам — «бязлітаснаму» шоу-бізнэсу 90‑х, Аляксандру Саладухе і, канешне, N.R.M.. На дадзены момант на «Міністэрства сепультуры» падпісаныя больш за 6 тысяч чалавек.

    «Не сёння, не заўтра, не ўчора»

    Праект прысвечаны правам чалавека, уразлівым групам людзей, інклюзіі, гендэрным пытанням ды іншым вострым тэмам», — так пазіцыянуе сябе новае медыя, створанае камандай з Беларусі. Аб яго запуске ў лютым у сацсетках паведаміла кінематаграфістка і журналістка Марта Дар’я Клінава.

    Як падкрэслівае каманда рэсурусу, мэта медыя – барацьба са стыгмамі і дапамога тым, хто знаходзіца ў няпростай сітуацыі, сутыкнуўся з дыскрымінацыяй ці непаразуменнем грамадства.

    – Мы распавядаем гісторыі людзей, якія апынуліся ў незвычайным становішчы, — кажуць стваральнікі. — «Не сёння, не заўтра, не ўчора» — гэта пляцоўка, дзе можна падзяліцца сваім досведам ды атрымаць падтрымку.

    YouTube-шоу «Зёлкі-Шоу»

    Забаўляльнае і адукацыйнае шоу — так пазіцыянуюць сябе аўтары YouTube-канала «Зёлкі-Шоу», якія прапануюць разам вывучаць беларускую мову.

    На працягу выпуска два удзельнікі адказваюць на пытанні, якія тычацца беларускай мовы. «Памылка ці не: бляха, шторы і марозіва?» — напрыклад, такое пытанне было ў апошнім відэа, дзе ўдзельнічалі тэлевядоўца і рэдактарка «Маланкі» Кацярына Ерусалімская і Алесь Чахоўскі.

    На канале размешчаны два ролікі. Колькасць праглядаў — больш за 10 тысяч кожнага.

    YouTube-канал «Яна/Ёй»

    А гэта зусім новы праект для YouTube. Каманда «Яна/Ёй» прасоўвае гендэрную роўнасць і дапамагае беларускам. Вядучыя разам з гасцямі размаўляюць на тэмы, якія часта замоўчваюцца: сэксізм, розніца ў заробках, гендэрныя квоты.

    Удзельніцамі першых выпускаў сталі Вольга Кавалькова, Надзея Гарадніцкая і Леся Руднік.

    Чытайце яшчэ:

    Поспех марафону «Нам не ўсё адно!» нагадаў пра дылему, перад якой стаяць лукашысты

    «Прапаганда называла мяне этнічным палякам — а я беларус». Заснавальнік інтэрнэт-бібліятэкі «Камунікат» пра яе гісторыю, нападкі рэжыму і нечаканыя кнігі ў топе спамповак

    «Беларусы зноў пачнуць чытаць газеты, калі зразумеюць, што там пішуць праўду». Гутарка з Віктарам Марчуком

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    «Медиазона» подготовила инструкцию по удалению старых комментариев в соцсетях — от Instagram до Youtube.
    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці