CPJ асудзіў прысуд Ларысе Шчыраковай
Камітэт абароны журналістаў асудзіў прысуд беларускага суда. Учора журналістцы Ларысе Шчыраковай вынеслі вырак — 3,5 гады пазбаўлення волі за нібыта дыскрэдытацыю краіны і спрыянне экстрэмізму.
«Асудзіўшы журналістку Ларысу Шчыракову на 3,5 гады пазбаўлення волі, беларускія ўлады ў чарговы раз дэманструюць сваю помслівасць да тых, хто самастойна расказваў пра агульнанацыянальныя пратэсты, якія ўскалыхнулі краіну ў 2020 годзе», — заявіў праграмны дырэктар CPJ Карлас Марцінес дэ ла Серна.
«Беларускія ўлады павінны зняць усе абвінавачанні са Шчыраковай і неадкладна вызваліць яе разам з усімі іншымі зняволенымі журналістамі», — падкрэслівае спадар дэ ла Серна.
Следчыя звінавацілі Шчыракову спачатку ў «дыскрэдытацыі Рэспублікі Беларусь» (арт.369–1 КК), а пасля дадалі яшчэ і «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» (ч.1, 2 арт. 361–4 КК).
Таксама ёй прысудзілі штраф у 3700 рублёў.
Справу цягам месяца ў закрытым рэжыме разглядаў суддзя Мікалай Доля.
Агалошванне рэзалюцыйнай часткі прысуду зрабілі адкрытым. Убачыўшы ў зале сваякоў і сяброў, Ларыса расплакалалася, але хутка саўладала з эмоцыямі.
Чытайце яшчэ:
Суд прызначыў Ларысе Шчыраковай 3,5 гады зняволення
«Не рабіце мне нервы!» Прадстаўнікі медыя — аб таксічных выпадках у межах прафесіі
БАЖ: Вырак Ларысе Шчыраковай — чарговая расправа і помста журналістам і журналісткам