• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Івашына хочуць скапраметаваць, падсаджваючы да вязняў з нізкім сацыяльным статусам. Журналіст прыгразіў, што перарэжа вены

    Жонка палітзняволенага журналіста Дзяніса Івашына апублічыла інфармацыю адносна правакацый супраць мужа. Паводле яе слоў, у ход ідуць як фізічныя, так і інфармацыйныя метады ціску.

    Як адзначае Вольга Івашына, адзін з колішніх вязняў гродзенскай турмы, мастак і рок-музыка Павел Бялянаў, які цяпер на волі, пацвердзіў спробы правакацый у дачыненьні да Дзяніса Івашына з боку супрацоўнікаў турмы.

    “Магчыма, няўдалую фізычную правакацыю вырашылі замяніць інфармацыйнай, — піша жанчына. — Магчыма, яны проста не ведаюць, што адрозна ад злачынцаў і правакатараў, нам няма чаго хаваць. Павел Бялянаў расказаў, што быў за дзве камеры ад Дзяніса, які, у сваю чаргу, пэўны час сядзеў з Валерыем Троцкім — яго таксама абвінавачваюць у «дзяржздрадзе» ды яшчэ нечым. Відавочна, чэкісты па сваіх старых мэтадычках спадзяваліся, што хлопцы пачнуць абмяркоўваць «справы» і выдадуць нейкую інфармацыю”.

    Вольга Івашына падкрэсліла, што фіксуе не толькі наўпроставыя здзекі і катаванні ў дачыненні мужа, а нават такія спробы. З падачы Паўла Бялянава сям’я атрымала інфармацыю, што неаднаразова Дзяніса спрабавалі скампраметаваць, пераводзячы ў камеру з людзьмі, у якіх за кратамі нізкі сацыяльны статус.

    Аднак, працягвае яна, яе муж даволі хутка адаптуецца да знешніх умоў, вывучае ўнутраныя правілы і традыцыі.

    Таму зрабіў тое, што робяць вязні ў падобных умовах: запатрабаваў ад ахоўнікаў перавесці яго ў іншую камеру — бо інакш фізічна нашкодзіць сабе, парэзаўшы вены.

    21 снежня падчас спаткання з маці гэта пацвердзіў сам Дзяніс Івашын, нагадаўшы, што падобным чынам мусілі “вырашаць праблему” палітвязні Павел Севярынец, Мікола Статкевіч, Ігар Банцар ды іншыя. У выніку турэмнікі прапанавалі журналісту “альтэрнатыву” – карцар. Дзе той і адбыў у “маразільніку” 10 сутак.    

    “А цяпер давайце згадаем, колькі разоў за амаль 22 месяцы палону Дзяніс трапляў у карцар? Каля дзясятка, або амаль паўтара месяцы нечалавечых умоваў. Спадзяемся, што не ўсе яны былі вымушаным пазбяганнем правакацый, якія, калі паслухаць Паўла Бялянава, супрацоўнікі турмы арганізуюць выключна з падачы следчых. Усё зафіксавана і даказана, а злачынцам і правакатарам раю рыхтавацца да люстрацыйных судоў!», – эмацыйна падсумавала Вольга Івашына.

    Нагадаем, 14 верасня Гродзенскі абласны суд пакараў Дзяніса Івашына вялізным тэрмінам зняволення – агулам 13 гадоў і 1 месяц турмы. Вырак агучыў суддзя Валерый Раманоўскі. Акрамя таго, журналіст павінен заплаціць штраф у памеры 4800 рублёў, а ў дадатак яшчэ і “маральную кампенсацыю” дзевяці пацярпелым — па 2000 рублёў кожнаму. Хто гэтыя асобы — дакладна невядома, бо суд адбываўся ў закрытым рэжыме.

    20 снежня Вярхоўны суд, разглядзеўшы апеляцыйную скаргу палітзняволенага журналіста, пакінуў прысуд у сіле.

    Дзяніс Івашын — карэспандэнт незалежнай газеты “Новы Час”, беларускі рэдактар міжнароднай валанцёрскай супольнасці Inform­Na­palm. Яго галоўныя аўтарскія праекты прысвечаныя расследаванню злачынстваў, учыненых дзяржавай. Так, ён зрабіў грунтоўнае расследванне аб пабудове рэстарана “Поедем Поедим” побач з урочышчам Курапаты, дзе былі таемна пахаваныя шматлікія ахвяры рэпрэсій сталінскіх часоў. Сістэмна займаўся вывучэннем уплыву “рускага міру” на Беларусь.

    Летась апублікаваў рэзанансны артыкул пра былых супрацоўнікаў  украінскага спецпадраздзялення “Беркут”, якіх пасля перамогі Майдану ўзялі на службу ў беларускія сілавыя структуры. У прыватнасці, з аткрытых крыніц сабраў доказы, што былыя “беркутаўцы” бралі непасрэдны ўдзел у разгоне мірных пратэстаў у Беларусі ў жніўні 2020-га. Уласна кажучы, менавіта за гэту публікацыю аўтара і затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Першапачаткова інкрымінавалі артыкул 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў), а праз паўгода прад’явілі новае абвінавачанне — “здрада дзяржаве”.

    У сваіх публічных заявах Камітэт дзяржбяспекі сцвярджаў, што Дзяніс Івашын нібыта “працаваў на спецслужбы Украіны”, чым нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі.

    Паводле праваабаронцаў, судовая справа ад пачатку была скіраваная на тое, каб знайсці як мага больш інфармацыі супраць Дзяніса Івашына і адпомсціць яму за праўду пра злачынствы пад прыкрыццём дзяржавы. 

    Чытайце яшчэ:

    Журналіст Яўген Меркіс чацвёра сутак правёў у карцары

    Рэальны тэрмін за журналісцкую працу: як судзілі Івана Мураўёва і што канкрэтна яму інкрымінавалі

    Журналісты рэгіянальных медыя: «Для многіх нашых чытачоў важна хаця б ведаць, што незалежныя СМІ яшчэ існуюць»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці