• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    “Гэтак можна будзе пазбаўляць журналістаў акрэдытацыі за парушэнне правілаў дарожнага руху…” (+Гісторыя пазбаўлення акрэдытацыі і дэпартацый з 1997 г.)

    Намеснік старшыні ГА “БАЖ” Андрэй Бастунец каментуе навіну пра пазбаўленне акрэдытацыі журналіста “Еўрапейскага радыё для Беларусі” Паўла Свярдлова. 

    Пункт 15.2 «Палажэння аб акрэдытацыі…», на які спасылаецца начальнік упраўлення інфармацыі, прэс-сакратар МЗС Андрэй Савіных, дазваляе пазбавіць акрэдытацыі ў выпадку “парушэння журналістам замежнага сродка масавай інфармацыі заканадаўства Рэспублікі Беларусь і сапраўднага Палажэння”.

    “Палажэнне дае МЗС вельмі шырокія і фактычна нічым не звязаныя паўнамоцтвы – як у праве  даваць акрэдытацыю журналістам, так і ў праве пазбаўляць яе”, – лічыць А. Бастунец.

    “Афіцыйная прычына арышту Свярдлова не мае да яго прафесійнай дзейнасці ніякага дачынення. (Не кажучы ўжо пра надуманасць гэтай прычыны.) Пазбаўленне журналіста акрэдытацыі мусіць быць хоць неяк звязана з парушэннем заканадаўства аб СМІ (арт. 48). Інакш выходзіць, што можна пазбавіць журналіста акрэдытацыі за парушэнне правілаў дарожнага руху.

    Заўважым, што гэта не першы выпадак, калі журналіста караюць такім чынам на падставе сумнеўных абвінавачванняў у хуліганстве. Узгадаць хаця б выпадак з  расійскім журналістам Аляксандрам Лашманкіным…”

    Выпадкі дэпартацыі і пазбаўлення акрэдытацыі замежных журналістаў у Беларусі з 1997 г.

    У 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і дэпартаваны карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў. Нагодай сталі яго рэпартажы з масавай акцыі пратэсту 23 сакавіка 1997 г. у Мінску, якую жорстка разагнала міліцыя.

    У 1997 годзе быў пазбаўлены акрэдытацыі і правёў некалькі месяцаў з кратамі карэспандэнт ОРТ Павал Шарамет, якога звінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы.

    У 2003 годзе МЗС Беларусі пазбавіла журналісцкай акрэдытацыі карэспандэнта НТВ Паўла Селіна за рэпартаж пра пахаванне Васіля Быкава. МУС пастанавіла дэпартаваць Селіна і забараніць яму ўезд на тэрыторыю краіны на пяць гадоў.

    У 2004 годзе КДБ Беларусі дэпартаваў і забараніў на 5 год уезд у Беларусь журналісту беларускай газеты «Время», грамадзяніну Украіны Міхаілу Падаляку — за «тэндэнцыйнае асвятленне сацыяльна-палітычнага становішча ў Рэспубліцы Беларусь» і «заклікі да дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў Беларусі».

    У тым жа годзе (30 ліпеня) Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Беларусь пазбавіла акрэдытацыі чатырох супрацоўнікаў беларускага карпункта расійскага тэлеканала «Россия». МЗС абвінаваціла журналістаў (у прыватнасці, Дзмітрыя Пятрова) у завышэнні колькасці ўдзельнікаў акцыі, якую апазіцыя правяла напярэдадні.

    У 2005 годзе карэспандэнтку TVP Агнешку Рамашэўскую не ўпусцілі ў Беларусь, нягледзячы на наяўнасць дзейнай візы і гадавой акрэдытацыі МЗС. Памежныя службы анулявалі беларускую візу і дэпартавалі яе з краіны чарговым авіярэйсам у Варшаву.

    У 2006 годзе:

    Люты: Не ўпусцілі ў Беларусь карэспандэнта польскай «Gaze­ty Wybor­czej» Вацлава Радзівіновіча, нягледзячы на наяўнасць гадавой візы і акрэдытацыі пры беларускім МЗС. Памежнікі сказалі, што ён знаходзіцца ў ліку асобаў, што не маюць права ўязджаць на тэрыторыю РБ.

    Сакавік:

    — У аэропорце «Мінск‑2» супрацоўнікі УКДБ па барацьбе з тэрарызмам затрымалі шасцярых журналістаў украінскіх тэлеканалаў «1+1», «5 канал» і «Тоніс», якія ехалі ў Беларусь для азнаямлення з перадвыбарнай сітуацыяй. Іх збіраліся дэпартаваць, але ў выніку перамоваў дазволілі ўехаць у краіну — без тэлекамер.

    — Без тлумачэння прычын былі ссаджаныя з цягніка «Кіеў-Мінск» і праз 2 гадзіны высланыя назад ва Украіну журналісты «5 каналу» Андрэй Жыгулін і Віталь Дарашэнка. Абодва мелі акрэдытацыю пры беларускім МЗС.

    — Двух польскіх журналістаў Радыё «Беласток» — Юрку Ляшчынскага і Марэка Заброцкага — не пусцілі ў Беларусь і анулявалі іх беларускія візы. Абодва мелі акрэдытацыю пры беларускім МЗС

    — Расійскаму журналісту і палітолагу Андрэю Суздальцаву анулявалі яго від на жыхарства ў Беларусі (у аддзеле грамадзянства і міграцыі Фрунзенскага раёна Мінска), звінаваціўшы ва ўмяшанні ва ўнутраныя справы Беларусі. Яму загадалі пакінуць краіну і забаранілі ўезд на 5 гадоў.

    Красавік: У Беларусь не ўпусцілі журналістаў польскага Тэлевізійнага інфармацыйнага агенцтва Яцэка Гасіньскага і Рышарда Шміткоўскага, а таксама публіцыста 1‑й праграмы тэлеканалу TVP Яраслава Каміньскага. Усе яны мелі акрэдытацыю пры беларускім МЗС і сапраўдныя візы. Былі ануляваныя візы і складзеныя пастановы аб дэпартацыі.

    У сакавіку 2009 г. Міністэрства замежных спраў Беларусі анулявала акрэдытацыю Андрэя Пачобута ў якасці карэспандэнта «Gaze­ty Wybor­czej». Камісія, якая разглядала яго зварот аб падаўжэнні тэрміну акрэдытацыі, прыйшла да высновы, што той тэндэнцыйна асвятляе падзеі ў Рэспубліцы Беларусь і негатыўна піша пра кіраўніка дзяржавы.

    Летам 2009 г. у Мінску затрымалі і дэпартавалі з Беларусі журналістаў НТВ Аляксея Малкава і Юрыя Бабенку, якія здымалі фільм пра зніклых палітычных апанентаў улады.

    У лістападзе 2010 г. МЗС не працягнула акрэдытацыі ўласныму карэспандэнту радыё «Голос России» Яўгену Агурцову — міністэрства спаслалася на тое, што журналіст несвоечасова падаў дакументы і каля 2‑х месяцаў працаваў нелегальна. У 2011 годзе яму адмовілі паўторна. 

    У сакавіку 2011 г. МЗС Беларусі пазбавіла акрэдытацыі рэдактара расійскага праваабарончага інфармагенцтва «Свабода» Аляксандра Лашманкіна — за «парушэнне беларускага заканадаўства».

    У маі 2011 беларускія памежнікі анулявалі візу старшыні ўправы Радыё «Рацыя» Яўгену Вапу, не прапусціўшы на тэрыторыю Беларусі, куды ён накіроўваўся па службовых справах. Журналіст дагэтуль застаецца “персонай нон-грата” ў Беларусі.

    У маі 2011 г. карэспандэнта расійскага тэлеканала «Дождь» Радзівона Марынічава затрымалі ў Мінску пасля інтэрв’ю з журналісткай Ірынай Халіп. Пазней было прынята рашэнне аб яго дэпартацыі з Беларусі.

    Таксама трэба дадаць, што на працягу апошніх гадоў ніводны зварот аб акрэдытацыі журналістаў Радыё «Рацыя» і тэлеканалу «Белсат» не быў задаволены МЗС. Міністэрства спасылалася на тое, што журналісты раней працавалі без акрэдытацыі, чым парушылі беларускае заканадаўства.

    Пры падрыхтоўцы хронікі выкарыстоўваліся гадавыя справаздачы маніторынгу БАЖ

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці