Журналісцкія байкі: Незвычайныя футбольныя прыгоды газеты «Товарищ» у Літве
...Дзіма Яненка, намеснік галоўнага рэдактара газеты, стаў на вароты, 5 хвілін пастаяў — пералом усіх звязак каленнага сустава… Я станаўлюся замест яго, 3 хвіліны пайграў — пералом лучавой косткі правай рукі са змяшчэннем...
«Я ў футбол гуляю, колькі сябе памятаю — ніколі не было ні пераломаў, нічога… І тут — бясшкодная гульня з журналістамі з Латвіі. Я‑та паехаў асноўным абаронцам. А Дзіма Яненка, намеснік галоўнага рэдактара газеты, стаў на вароты, 5 хвілін пастаяў — пералом усіх звязак каленнага сустава, латышы зламалі… Я станаўлюся замест яго, 3 хвіліны пайграў — пералом лучавой косткі правай рукі са змяшчэннем.
Усё скончылася з ў шпіталі цудоўнага літоўскага горада Марыямпале, дзе з мяне яшчэ спрабавалі ўзяць за медыцынскае абслугоўванне 44 літы. А я крычаў, што ў нас у сацыялістычнай Беларусі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, і я нічога плаціць не буду. Я там у закладніках быў практычна, пакуль таварышы з кіраўніцтва БАЖ не прыехалі і не выкупілі мяне…
А ўрач, які мне рабіў аперацыю — мала таго, што ён аказаўся лепшым хірургам у Марыямпале, ён яшчэ быў адным з кіраўнікоў самай антыкамуністычнай літоўскай партыі. Як чалавек разумны я не прызнаўся яму, што я — камуніст. А то не ведаю, як бы аперацыя скончылася…
Мне далі прыз лепшага варатара турніра. Гэта, між іншым, у сусветным футболе ўнікальны выпадак, калі за 3 хвіліны у варотах можна атрымаць прыз лепшага варатара. Леў Яшын гуляў 20 гадоў, перш чым яго прызналі лепшым варатаром свету…
А поўны быў «фінал», калі я вяртаўся ў нашу «сацыялістычную Беларусь». Я ў той час быў у спісе на абавязковы дагляд. А памежнікі ж памятаюць: туды ехаў без гіпсу — назад едзе ў гіпсе… Я гляджу — ужо ідуць, зараз пачнецца: «Сеня, паварушы ручкай» — усё як у фільме «Бриллиантовая рука». Добра, што ў мяне пры сабе быў рэнтгенаўскі здымак.
Адбыўся медыцынскі кансіліюм у складзе начальніка памежнай заставы, галоўнага дзяжурнага мытніка. Яны ўсё ж пабачылі, што дата на здымку сённяшняя, і дыяментаў там няма і незаконных пракламацый таксама… Я перакрочыў мяжу без ускрыцця гіпсу. Што таксама было прыемна — усё ж Радзіма прыняла душэўна і сардэчна…»
Сяргей Вазняк