Аляксандр Тамковіч: Турэцкай кампаніі давялося рамантаваць дамы і публічна папрасіць прабачэння
Да Сусветнага дня свабоды прэсы-2016 наш сайт прымеркаваў цыкл публікацый пра тое, як праца журналістаў дазволіла ў лепшы бок змяніць рэчаіснасць, дапамагла заўважыць і вырашыць жыццёвую праблему, паўплываць на рашэнні ўладаў.
Сённяшняя гісторыя – ад Аляксандра Тамковіча.
Гісторыя першая, станоўчая. Пра бракаваныя дамы для вайскоўцаў
Як вядома, у 1991 годзе не стала Савецкага Саюза, што дазволіла мне без прыгодаў пакінуць шэрагі ваенных журналістаў. Але гэта не азначала канчатковага разрыву з мінулым. У арміі засталося шмат добрых знаёмых. Нехта з іх і параіў звярнуцца менавіта да “цывільнага колеру хакі”.
Цывільнасць давала спадзеў на адсутнасць страху і субардынацыйнага піетэту перад “вялікімі зоркамі”, а былая прыналежнасць да вайскоўцаў азначала, што аўтар “у тэме”.
Справа ў тым, што акурат у гэты час праходзіла ліквідацыя Групы савецкіх войск у Германіі. 12 верасня 1990 года Эдуард Шэварднадзэ падпісаў адпаведную дамову, і савецкія войскі спешна выводзіліся з Германіі. У тым ліку і ў Беларусь.
Нямецкі ўрад выдаткаваў вельмі вялікія грошы, каб іх раскватараваць, і буйныя сусветныя будаўнічыя фірмы на адпаведным тэндары даказвалі сваё права будаваць жытло для вайскоўцаў.
Сярод тых, хто перамог, і быў вядомы турэцкі будаўнічы холдынг ENKA İnşaat ve Sanayi A.Ş. Умовы, якія яны прапанавалі, прыемна адрозніваліся хуткасцю і коштам будаўніцтва. Ды і якасць у пабудаванага фірмай “Энка” мелася быць амаль бездакорнай.
Менавіта гэта самае “амаль” і стала прычынай зламаных дзідаў. На жаль, прымаўка “не ўсё тое золата, што блішчыць” даказала сваю праўдзівасць і на гэты раз. Прыгожыя кватэры бакавых пад’ездаў вельмі хутка “зацвілі” – шпалеры пакрыліся чорным налётам, які красамоўна сведчыў пра сырасць.
З гэтым да мяне і звярнуліся людзі з Барысава. Звярнуліся як да апошняй надзеі, бо ўсе мясцовыя кантралёры чамусьці сырасць “не заўважалі”, а адзін нават дагаварыўся да таго, што “пенецылін карысны для здароўя”… 🙂
Не буду сцвярджаць, што прычынай гэтай “слепаты” сталі новыя камп’ютары, якія туркі прэзентавалі высокім вайсковым начальнікам, але, разумеючы, што за ўсім гэтым стаяць ВЕЛЬМІ вялікія грошы, я вырашыў падстрахавацца і “на разборкі” запрасіў з сабой двух тагачасных дэпутатаў беларускага парламента – Анатоля Лябедзьку і Віктара Кучынскага. Будучы апазіцыйны лідар і будучы “гранатамётчык” тады былі не толькі аднадумцамі, але і самымі вядомымі “праўдашукальнікамі”.
Словам, крытычны артыкул з’явіўся за дзень да таго, як сканчалася турэцкая гарантыя на дамы, што давала права жыхарам прад’яўляць прэтэнзіі і патрабаваць выпраўлення хібаў. Следам за мной тэму нават падхапілі калегі з замежных СМІ, таму вэрхал падняўся на ўвесь свет.
Тады прэм’ер-міністр Беларусі Вячаслаў Кебіч даручыў аднаму са сваіх намеснікаў стварыць спецыяльную камісію, якая хутка высветліла, што прычынай “пеніцыліну” сталі так званыя “масткі холаду”, бо беларускі клімат моцна адрозніваецца ад турэцкага. Туркам прыйшлося за ўласны кошт “апранаць у футра” свае дамы – па сутнасці, пабудаваць яшчэ адны сцены і публічна папрасіць прабачэння.
Гісторыя другая. З разраду “Як наша слова адзавецца”
Некалі рэдакцыя газеты “Свободные новости” месцілася побач з тагачаснай польскай амбасадай у Мінску. І было б нелагічна не напрасіцца да палякаў “на інтэрв’ю”.
У другой палове 1990‑х польскім амбасадарам у Беларусі была Эва Спыхальска. Цудоўная, смелая жанчына. Як раз у той момант разгараўся гучны скандал вакол “Драздоў”, і спадарыня Спыхальска ахвотна пагадзілася на размову.
Размаўлялі мы з ёй без перакладчыка, бо беларусу зразумець паляка даволі проста. Аднак яе рэзкасць часам нават здзіўляла, і я задаваў удакладняльныя пытанні. Хто мае досвед, той пацвердзіць: рэзкасць у ацэнках для іншаземных дыпламатаў – мякка кажучы, рэч неўласцівая. А тут – “свята галоснасці”…
Я быў прыемна здзіўлены і тым, што, калі праз пару дзён яна чытала тэкст, нічога там не стала “змякчаць”.
Інтэрв’ю выйшла. Не ведаю, што і дзе было потым, але ў нашу рэдакцыю тэрмінова завітаў адзін з супрацоўнікаў польскай амбасады і папрасіў некалькі асобнікаў газеты з інтэрв’ю Спыхальскай.
Маўляў, бліжэйшым самалётам іх накіруюць у Варшаву, дзе газету асабіста чакае польскі прэзідэнт Аляксандр Квасьнеўскі.
Праз некалькі дзён у Варшаву паехала і Эва Спыхальска. Нягледзячы на добрыя (казалі – сяброўскія) адносіны з Квасьнеўскім, у Мінск яна больш не вярнулася.
Пазней я даведаўся: такой была НАДЗВЫЧАЙ прынцыповая ўмова беларускага МЗС.
АБСЭ занепакоена бясьпекай акрэдытаваных у «ДНР» журналістаў
Цыкл «Як свабода слова змяняе жыццё»
Жыццё па новых мытных правілах – ці адказалі абласныя газеты на надзённыя пытанні?
Индекс устойчивости СМИ Европы и Евразии-2016: Ситуация в секторе СМИ в Беларуси ухудшилась
Незалежны журналіст, якога забіраюць у войска, адмаўляецца прымаць прысягу