• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    У рэгіёнах падлічваюць “трафеі”-2022. Брэсцкая вобласць пахвалілася сотняй выяўленых “экстрэмісцкіх” рэсурсаў

    Рэгіянальныя структуры, падначаленыя Генпракуратуры Беларусі, справаздачацца пра поспехі ў змаганні з “экстрэмізмам” за мінулы год. Першай гэта зрабіла пракуратура Брэсцкай вобласці блізу 100 “дакладных пападанняў”, адзначаецца на сайце нагляднага ведамства.  

    “Органы пракуратуры Брэсцкай вобласці для папярэджання распаўсюду  праз інтэрнет-рэсурсы звестак, накіраваных на павышэнне сацыяльнай напружанасці і стварэнне недаверу да прадстаўнікоў органаў дзяржаўнай улады, арганізавала сістэмную работу па падрыхтоўцы і накіраванні ў суд заяваў аб прызнанні такой інфармацыйнай прадукцыі экстрэмісцкімі матэрыяламі”, — паведамляе служба інфармацыі абласной пракуратуры. 

    У прыватнасці, адзначаецца, што за 2022 год пракуроры ў розных месцах Брэсцкай вобласі прад’явілі 98 адпаведных заяваў, якія суды ў выніку задаволілі “ў поўным аб’ёме”. Іншымі словамі, ведамствы прадэманстравалі 100-працэнтнае ўзаемаразуменне.

    У выніку, гаворыцца ў афіцыйнай справаздачы, “экстрэмісцкімі матэрыяламі” прызнана інфармацыйная прадукцыя 62 Telegram-чатаў і каналаў, 13 старонак у сацыяльнай сетцы Insta­gram, 10 груп у сацсетцы “Вконтакте”, 7 інтэрнэт-сайтаў, 5 груп у сацсетцы Face­book, 5 Viber-чатаў, 3 групы ў сацсетцы “Одноклассники”, 2 YouTube-каналы, 2 акаўнты сацсеткі Tik­Tok.

    Як паказвае першы месяц 2023 года, Брэстчына і сёлета не збіраецца збаўляць “прамысловыя абароты”: ад пачатку месяца пракуроры накіравалі хадайніцтвы ў абласную экспертную камісію для правядзення ацэнкі інфармацыйнай прадукцыі, размешчанай у 7 інфармацыйных крыніцах, на прадмет наяўнасці “прыкмет экстрэмізму”.

    Пасля атрымання экспертных заключэнняў будзе вырашацца пытанне пра  накіраванне ў суд заяваў аб прызнанні такіх рэсурсаў “экстрэмісцкімі”.

    Абласным “першапраходцам” у атрыманні “эстрэмісцкага” статусу стаў калектыў рэдакцыі “Брестской газеты” — іх матэрыялы трапілі ў адпаведны рэспубліканскі спіс яшчэ ў канцы 2021 года.

    Летась пералік імкліва пашыраўся: рашэннем суда Ганцавіцкага раёна “неадпаведнай заканадаўству” прызналі інфармацыйную прадукцыю Telegram-канала “Першы рэгіён”, а суд Івацэвіцкага раёна агучыў аналагічны вердыкт у дачыненні да Viber-чата з назвай “1RegBY”.

    Гэтаксама “экстрэмісцкімі” сталі Telegram-чат Media-Polesye.by з ахопам аўдыторыі ў Пінску, Століне і Лунінцы, лакальны Telegram-чат «Пружанка/Пружанец», сайт агрэгатара навін рэгіянальных медыя dze.news ды дзясяткі іншых незалежных рэсурсаў. 

    Усе звесткі пра “крамольныя” віртуальныя пляцоўкі трапляюць у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, якія пасля кулуарных судовых рашэнняў сістэматызуе Міністэрства інфармацыі. На дадзены момант іх агульная колькасць набліжаецца да паўтары тысячы.

    Наўмысны і нават неасэнсаваны распаўсюд “забароненых звестак” цягне адміністрацыйную адказнасць, а за паўторнае парушэнне ўжо прадугледжваецца крымінальны пераслед.

    Нагадаем, што пералік Мінінфарма не перасякаецца са спісамі “экстрэмісцкіх фармаванняў” і асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”, якія складаюць адпаведна Міністэрства ўнутраных спраў і Камітэт дзяржбяспекі. Адзінае, што іх усе аб’ядноўвае, — гэта вялізная колькасць журналістаў, прафесійная дзейнасць якіх пастаўленая пад фактычную забарону.    

    ЧЫТАЙЦЕ ЯШЧЭ:

    У падтрымку Андрэя Аляксандрава BYSOL разыграе арыгінальную футболку “Ліверпуля”

    “Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі”, – прапагандысты з “закрытага суда” над журналістам Андрэем Пачобутам

    Журналісту Свабоды Ігару Лосіку дазволілі перапісвацца з жонкай Дар’яй

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці