• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Віцебскія БАЖаўцы арганізавалі прэс-клуб па “чарнобыльскай” праблематыцы і прэзентавалі фільм “Наедине с памятью”

    Праводзіць супольныя імпрэзы з ліквідатарамі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы напярэдадні ўгодкаў 26 красавіка стала традыцыяй для віцебскіх журналістаў і грамадскіх актывістаў. Сёлетняе пасяджэнне прэс-клуба было незвычайным: здымачная група віцебскіх БАЖаўцаў прэзентавала новую дакументальную стужку “Наедине с памятью”, знятую паводле ўспамінаў віцяблян Анатоля Гнеўкі і Сяргея Іконнікава, якім давялося ліквідаваць наступствы аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

    Сцэнар фільма напісала журналістка Вікторыя Дашкевіч, яна ж агучыла і закадравы тэкст. На думку Вікторыі, вельмі важна захаваць для нашчадкаў успаміны гэтых людзей з нялёгкім лёсам:

    “Для мяне стала адкрыццём, што героі-ліквідатары жывуць зусім побач. Бо пра іх у горадзе няма ніякіх сведчанняў: няма музея, няма дошкі, у рэшце рэшт няма іх саміх на гарадскіх мітынгах, у школах, на  мерапрыемствах. Аказалася, у Віцебску жыве палкоўнік, які камандаваў цэлым штабам па ліквідацыі наступстваў на ЧАЭС, жывуць хімікі, якія праводзілі аналізы ў зоне, жыве доктар, які там таксама пабываў. Ім усім  ёсць што сказаць, у іх ёсць вопыт, якім яны гатовы падзяліцца. Толькі слухаць іх не хочуць. Напэўна таму, што яны ведаюць занадта многа страшнай праўды”.

    Здымкі фільма праходзілі на працягу некалькіх месяцаў у розных мясцінах:  дома ў аднаго з галоўных герояў, на тэрыторыі закінутай вайсковай часткі, у вёсках пад Віцебскам, дзе шмат закінутых хат. У тым ліку ў аграгарадку Заронава, дзе ўжо шмат год існуе “Музей гісторыі Заронаўскага краю”, заснаваны былой настаўніцай Людмілай Нікіцінай. Людміла Канстанцінаўна адразу ж прапанавала дапамогу журналістам, якія шукалі рэквізіт для фільма.

    Алена Сцяпанава, якая ўзяла на сябе рэжысёрскія абавязкі, адзначае вялікі ўнёсак віцебскіх БАЖаўцаў у стварэнне дакументальнай стужкі:

    “У якасці аператара сваю кандыдатуру адразу ж прапанаваў Вячаслаў Лазараў, а дапамагалі яму падчас здымкаў усе разам. Любы з журналістаў-“актораў”, не заняты ў эпізодзе, быў гатовы выконваць любыя функцыі: пабыць асвятляльнікам, перасунуць мэблю, дапамагчы з транспартам.

    Паколькі фільм уяўляе сабой мікс з успамінаў ліквідатараў і мастацкай рэканструкцыі тагачасных падзеяў, то журналістам дасталіся ролі ўрача, вайскоўцаў і нават марадзёра, які шукае спажывы ў пакінутым будынку. У нашым фільме два галоўныя героі, але яны існуюць у дзвюх часавых прасторах: у нашы дні і ў кантэксце мінулага. Таму ў ролі Анатоля Гнеўкі, які ў 1987 годзе кіраваў штабам ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, зняўся БАЖавец Ігар Мацвееў. Для ўдзелу ў фільме ён без аніводнай кроплі сумневаў пагадзіўся пагаліць бараду, бо стваральнікі фільма найперш шукалі знешняга падабенства з героямі. А на ролю маладога Сяргея Іконнікава запрасілі віцебскага актывіста Алега Квяцінскага”.

    Сапраўдныя героі фільма ўбачылі сваіх “двайнікоў” толькі падчас прэм’еры. Гэты момант быў ці не самым кранальным для ўсіх удзельнікаў прэс-клуба, на якім журналісты і ліквідатары разважалі пра актуальнасць “чарнобыльскай” тэматыкі, нават праз 30 з лішнім гадоў пасля трагедыі.

    Фільм “Наедине с памятью” ў хуткім часе будзе даступны ў інтэрнеце. Дарэчы, апрача самой стужкі, творчая група віцебскіх БАЖаўцаў  зрабіла і жартоўны мікс паводле смешных здарэнняў падчас здымак. Яго можна паглядзець тут. А шмат фота з прэзентацыі – у суполцы “Віцебск.Нашы ў горадзе”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці