• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як і навошта трэба адпачываць? Тлумачыць псіхолаг

    Заканчваецца другі месяц лета, а вы ўсё яшчэ не выдзялілі час на адпачынак ці ўвогуле не можаце гэта зрабіць? Псіхолаг і адукатар дарослых Васіль Пронь патлумачыў праекту «1906», чаму гэта няправільна.

    Ці трэба адпачынак для здароўя?

    «Абавязкова. У сваёй практыцы часта сустракаюся з актыўнымі людзьмі, якія пасля падзей 2020 года знаходзяцца ў роспачы. Яны не дазваляюць сабе добра адпачываць, бо ім здаецца, што калі яны пачнуць рабіць нешта для сябе, яны здрадзяць ідэі ці іншым людзям. Але гэта не вельмі добра, бо без адпачынку гэтыя людзі страчваюць свой рэсурс і робяцца неэфектыўнымі», — запэўнівае Васіль.

    Звычайна наш эксперт пытаецца ў людзей: колькі вады можна наліць у шклянку са жбана? Часам яму адказваюць, што можна наліць поўны стакан. Але калі ў жбане няма вады, што вы здолееце наліць? Так Васіль тлумачыць людзям, што калі яны спрабуюць дапамагаць іншым, а самі не клапоцяцца пра свой стан, то яны не шмат зробяць. 

    «Важнае пытанне — якім чынам трэба адпачываць, каб не адчуваць віну і каб у той жа час сапраўды клапаціцца пра сябе. Калі, напрыклад, увесь час сядзець у тыктоку, серыялах ці камп’ютарных гульнях, гэта не будзе якасным адпачынкам», — кажа псіхолаг.

    Якім павінен быць якасны адпачынак?

    Згодна з Васілём, тут няма адназначнага адказу, але можна паспрабаваць вызначыць правілы адпачынку асабіста для сябе. Васіль прыводзіць у прыклад мадэль BASIC Ph, створаную ізраільскімі псіхолагамі. Яны выдзялілі шэсць сфер-мадальнасцяў, з якіх людзі могуць браць рэсурс для сябе, прычым у розных людзей пераважаюць розныя мадальнасці. Гэта наступныя мадальнасці:

    • вера і каштоўнасці,

    • выяўленне эмоцый і пачуццяў,

    • сацыяльныя сувязі і камунікацыя,

    • уяўленне, мары, успаміны і творчасць,

    • розум і пазнанне,

    • фізічная актыўнасць і цялесныя рэсурсы.

    «Трэба глядзець, якая з гэтых мадальнасцей будзе найбольш важнай для чалавека, і выбіраць адпачынак сыходзячы з гэтага. Калі чалавек пастаянна знаходзіцца ў стрэсе, ён можа звяртацца і да іншых мадальнасцей, каб у яго было больш пунктаў апоры, але канцэнтравацца на звыклай для сябе. Напрыклад, калі чалавек творчы, то і адпачынак у яго павінен уключаць у сябе нешта творчае», — распавядае Васіль.

    Ці абавязкова некуды далёка ехаць, каб добра адпачыць?

    «Сама адлегласць не ўплывае на якасць адпачынку, як і характарыстыкі асяроддзя. Чалавек можа замест падарожжа на мора падыхаць паветрам у саляной пячоры, і якасць паветра там будзе нармальная, можна ўсталяваць іанізатар паветра і атрымаць дома паветра як у гарах.

    Тут справа не ў фізічных рэчах, бо планы пра далёкае падарожжа заўсёды звязаныя з нечым асабістым. Чалавек можа марыць адпачыць у каштоўным для яго месцы, напрыклад, заплануе ехаць у Індыю, калі ён займаецца ёгай. І калі чалавек не будзе мець магчымасці там адпачыць, яго сувязь з уласнымі каштоўнасцямі пагоршыцца, і гэта можа засмучваць», — расказвае псіхолаг.

    Людзі, для якіх важная эмацыйная мадальнасць, чакаюць ад адпачынку новых уражанняў, бо гэта робіць іх эмацыйна напоўненымі. Калі такі чалавек не можа выехаць з Беларусі, а ў Беларусі ён ужо усё бачыў, яму можа быць складана. Але і гэта, тлумачыць Васіль, можна вырашыць: трэба толькі зразумець, што з’яўляецца для цябе важным у далёкіх падарожжах, і падумаць над тым, як гэта можна кампенсаваць — напрыклад, пашукаць нейкія альтэрнатыўныя маршруты па Беларусі або знайсці тых, хто дапаможа паглядзець на звыклыя мясціны па-іншаму. Часткова гэта можа кампенсаваць адсутнасць далёкага падарожжа.

    Сама немагчымасць некуды паехаць таксама можа ўплываць на чалавека, прымушаць яго адчуваць сябе непаўнавартасным, абмежаваным, і праз гэта чалавек можа траўмавацца. Калі справа ў тым, што чалавек сам не зарабіў грошай на адпачынак ці не можа гэта зрабіць, у выніку можа пацярпець яго самаацэнка. Калі ж справа ў іншых абставінах, чалавек можа пакутаваць праз тое, што яго абмяжоўваюць у правах.

    Што будзе, калі не хадзіць у адпачынак?

    «Першае магчымае наступства — гэта павелічэнне колькасці памылак. Другое — тое, што на выкананне тых жа працоўных задач, што звычайна, вам спатрэбіцца больш часу. Нарэшце, без адпачынку нам будзе складаней рэагаваць на пазаштатныя сітуацыі.

    Калі ў чалавека няма рэсурсу, ён можа больш-менш нармалёва рабіць толькі звыклыя для яго і нескладаныя рэчы. Калі ж ён сутыкнецца з нечым складаным, ён будзе рабіць памылкі, адкладаць задачу ці вырашаць яе не вельмі якасна. У большасці людзей без рэсурсу нарастае канфліктнасць ці імкненне да ўхілення ад камунікацыі. Калі чалавек працуе з іншымі людзьмі, гэта будзе мець не вельмі добрыя наступствы», — тлумачыць псіхолаг.

    Як навучыцца якасна адпачываць?

    «Першы крок — зразумець, што з’яўляецца для мяне галоўнай мадальнасцю і як я магу хаця б часткова напоўніць гэтую сферу для сябе. І другі крок — знайсці тое ў сваім жыцці, на што я магу хаця б трохі ўплываць, каб не адчуваць сябе зусім ужо шрубкай сістэмы», — кажа Васіль.

    Але ж на гэтым не трэба спыняцца, упэўнены псіхолаг. Ён раіць знайсці спосаб уплываць і на знешні бок свайго жыцця. Калі усе будуць клапаціцца толькі пра свой стан, то яны і далей будуць памяркоўнымі, а звонку на іх будуць ціснуць усё больш. Гэта падобна да гісторыі пра жабу, якую зварылі ў кіпні. Спачатку ёй было горача, але тэмпературу павышалі паступова, каб яна прывыкала.

    «Зразумела, што зараз не на ўсе жыццёвыя абставіны магчыма паўплываць, але ж варта шукаць магчымасці, каб не пагаджацца з абмежаванасцю, з тым, што парушае нашы правы, магчымасці і наша ўяўленне пра саміх сябе. Частка людзей толькі прыстасоўваецца, а частка кладзе ўвесь свой унутраны рэсурс на тое, каб змяніць абставіны. Але трэба знайсці баланс, клапаціцца і пра сябе і свае сілы, і пра тое, каб уплываць на знешнія ўмовы», — упэўнены Васіль Пронь.

    Што рабіць, калі вы — працаголік і не ўяўляеце жыцця без працоўных задач?

    Васіль агарошвае: калі людзі пяць гадоў не адпачывалі і раптам плануюць вялікае падарожжа, у іх не заўсёды атрымліваецца адпачыць цалкам. У такім выпадку людзі пачынаюць дакараць сябе за тое, што дазволілі сябе шмат адпачынку, і праз гэта выгараюць яшчэ больш. У дадатак, такі падыход не дапаможа чалавеку нарэшце навучыцца адпачываць.

    Таму псіхолаг звычайна раіць такім людзям «легалізаваць» сваё права на адпачынак хаця б на працягу 15 ці нават 5 хвілін у дзень. У гэты час трэба будзе не думаць ні пра што, звязанае з працай, і проста расслабіцца. Можна прайсціся пешшу па горадзе ці проста папіць кавы ў кавярні, крыху пачытаць.

    «Сплануйце, калі вы гэта будзеце рабіць, і пасля гэтага ўжо падбірайце час на іншыя рэчы — напрыклад, на працу ці камунікацыю з роднымі. Выканайце гэты пункт у сваім раскладзе для самога сябе, а потым паступова павялічвайце час адпачынку. У гэты час вы не будзеце здраджваць сваёй працы ці чамусьці яшчэ, а, наадварот, будзеце інвеставаць у свой стан і здароўе, каб потым было прасцей клапаціцца пра іншых», — тлумачыць Васіль.

    Чытайце яшчэ:

    С сайта учебного интернет-СМИ журфака БГУ удалили интервью с задержанным автором «Прессбола»

    “Не выкарыстоўваць чалавека для ўласнай прафесійнай карысці”: як працаваць з людзьмі пасля трагедыі

    Сварка vs дыскусія. Як не даць уцягнуць сябе ў бясконцыя спрэчкі ў інтэрнэце

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці