Як лепш планаваць свой час? Парады па сэлф-менеджменце
Хочаце быць больш эфектыўнымі? Гэта магчыма, і нават не прыйдзецца дадаваць лішнія гадзіны ў суткі. Як? Еўрарадыё папрасіла падзяліцца парадамі па сэлф-менеджменце Алену Жываглод — лідарку супольнасці *Сумленныя людзі, віцэ-спікерку Каардынацыйнай рады і прадпрымальніцу. Яна паспявае займацца ўсімі праектамі — таму дакладна ведае, пра што кажа.
Хочаце быць больш эфектыўнымі? Гэта магчыма, і нават не прыйдзецца дадаваць лішнія гадзіны ў суткі. Як? «Еўрарадыё» папрасіла падзяліцца парадамі па сэлф-менеджменце Алену Жываглод — лідарку супольнасці *Сумленныя людзі, віцэ-спікерку Каардынацыйнай рады і прадпрымальніцу. Яна паспявае займацца ўсімі праектамі — таму дакладна ведае, пра што кажа.
Тайм-менеджмент і сэлф-менеджмент у прыватнасці — гэта не толькі пра размеркаванне дзейнасці (задач) на лінейцы часу, гэта пра ваша усведамленне таго, на што вы траціце сябе (сваю каманду), дзеля чаго і колькі сябе вы гатовыя аддаваць.
Усё, пра што я скажу далей, дастасуецца да кіравання вашым часам як асобна ўзятага чалавека, так і праектнай групы або арганізацыі, эфектыўнасцю якіх вы кіруеце ці хацелі б кіраваць.
1. Усё пачынаецца з вызначэння мэтаў
Крута, калі вы разумееце ваша прызначэнне, місію. Тады мэты і задачы на доўга‑, сярэдне- і кароткатэрміновы перыяды вам ставіць лёгка.
Вызначыце сэнс дзейнасці, жаданы вынік і спіс дзеянняў, якія вас прывядуць да выніку. Усё ўносьце ў таблічку: адно дзеянне (актыўнасць) — 1 радок.
2. Ацаніце рэсурсы
Колькі часу вам (вашым аднакаманднікам, калі вы кіруеце не толькі сваёй эфектыўнасцю) трэба на ажыццяўленне актыўнасці, зафіксаванай у спісе з пункта 1? Палічыце гадзіны на тыдзень для кожнага з радкоў табліцы.
3. Сплануйце каляндар
Прастаўце тэрміны (рэальныя даты) для кожнага радка: у якія канкрэтна дні тыдня вы будзеце займацца гэтымі актыўнасцямі. На гэтым этапе вы ўбачыце перасячэнне / супадзенне ў часе / перагруз і зможаце пераразмеркаваць актыўнасці ў часе, расставіць прыярытэты, прыняць рашэнні аб тым, што мэтазгодна дэлегаваць.
Не забудзьцеся ўнесці ў каляндар вашыя хобі, сям’ю і ўсё, чым вам важна напаўняць вашае жыццё.
4. Вам здаецца, што вы патрэбныя ўсюды і адразу
У свеце столькі ўсяго цікавага, адказнасці перад калегамі, сябрамі, сям’ёй і сабой так шмат, што вось вам ужо не хапае часу ў календары на ўсё жаданае. Дэлегуйце тое, што можна дэлегаваць.
Расцеце вы — расце і ваша асяроддзе: развівайце людзей побач, вызваляючы сабе час. Давярайце. Пазбаўляйцеся таго, што вам нецікава: можа быць выклікаць спецыялістаў клінінг-кампаніі — гэта ваш спосаб ашчадзіць час на кнігу за кубкам гарбаты ці зарабіць грошай.
5. Планы не спраўджваюцца, таму што энергіі не хапае?
Часам мы трацім шмат унутранага рэсурсу нават не на дзеянні, а на думкі «паміж дзеяннямі», на «настрой», на «складана сабрацца» — на тое, што вы не ўпісваеце ў свой каляндар. Задайце сабе пытанне: што вы церпіце, што вас трывожыць? Хутчэй за ўсё гэта і ёсць тое, што дазволіць вам вызваліць энергію і час.
Калі вы на сваім месцы і робіце тое, у што верыце, — энергія б’е струменем, я ўпэўненая.
Чытайце яшчэ:
Да «экстрэмісцкіх» адносяць сацсеткі былой карэспандэнткі «Рэгіянальнай газеты»
Васкрасенскі распавёў, як сустракаўся з Пачобутам дзеля яго вызвалення
Медыяспажыванне ў Беларусі. Здагадайцеся, у каго 3%?