• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Youtube і Google раяць беларусам глядзець дзяржТБ і расійскую прапаганду. Чаму так?

    У сярэдзіне лютага Святлана Ціханоўская сустрэлася з топамі Google і Youtube і папрасіла «вырашыць праблему беларускай мовы» ў прадуктах гэтых кампаній. Dev.by расказвае, з якімі праблемамі сутыкаецца беларуская мова (і шырэй — незалежныя медыя) у міжнародных пашукавіках і сэрвісах.  

    З кім сустракалася Ціханоўская?

    У лютым Святлана Ціханоўская сустрэлася з Лэслі Мілер, віцэ-прэзідэнткай Youtube па сувязях з урадамі і публічнай палітыцы, і Анэт Кробер-Рыель, віцэ-прэзідэнткай Google па сувязях з урадамі і публічнай палітыцы ў Еўропе. 

    Гэта ўжо не першая падобная сустрэча. У чэрвені 2022 года Святлана Ціханоўская сустракалася з прадстаўнікамі тэхналагічных кампаній у Капенгагене. Тады Ціханоўская гутарыла з віцэ-прэзідэнтам і галоўным юрысконсультам Google (іх імёны не называліся), а супрацоўнікі яе офіса — з прадстаўнікамі Meta, Microsoft і Tik­Tok. 

    Якія пытанні ўздымалі на сустрэчах з тэхгігантамі?

    Офіс Святланы Ціханоўскай паведаміў, што падчас апошняй сустрэчы ў прадстаўнікоў Google і Youtube прасілі: 

    • Дазволіць манетызацыю кантэнту на беларускай мове ў прадуктах Google і Youtube. 

    • Дазволіць рэкламаваць беларускамоўныя відэаролікі на Yotube. 

    • Абмежаваць злоўжыванне рэкламнымі інструментамі з боку расійскіх і беларускіх прапагандыстаў. 

    • Забяспечыць праз пошукавыя сістэмы ды іншыя інструменты Google доступ да сайтаў і каналаў незалежных медыя.

    Раней офісу ўдалося дамовіцца з Microsoft на зніжкі на прадукты кампаніі для незалежных грамадскіх арганізацый. Офіс прасіў карпарацыю даваць прадукты такім арганізацыя цалкам бясплатна.    

    Дарадца Ціханоўскай Франак Вячорка расказваў, што спецыялісты Face­book і Insta­gram будуць праводзіць трэнінгі па працы з сацсеткамі для беларускіх незалежных блогераў. 

    На сустрэчах у ліпені і лютым офіс абмяркоўваў з прадстаўнікамі карпарацый супрацьдзеянне прапагандзе і праблему беларускай мовы. 

    Якія складанасці ў беларускага кантэнту на Youtube? 

    Пасля 2020 года на Youtube з’явілася шмат аўтарскіх каналаў, якія пішуць пра Беларусь і беларусаў (як на рускай, так і на беларускай мовах). На платформе ёсць і каналы незалежных медыя. Але праблем у маладога беларускага Youtube усё роўна шмат. 

    1. Ролікі на беларускай мове не манетызуюцца платформай, а значыць беларускамоўныя блогеры не атрымліваюць грошай за сваю працу. 

    Пакуль Yotube не дазваляе падключаць рэкламу да ролікаў на беларускай мове. Прадстаўнікі платформы тлумачылі гэта адсутнасцю мадэратараў, якія маглі б правяраць такія ролікі. Офіс Ціханоўскай уздымаў гэтае пытанне на сустрэчах з прадстаўнікамі Google, але пра развязанне праблемы ніхто ад той пары не заяўляў. 

    2. Алгарытмы Youtube амаль не адрозніваюць кантэнт для беларусаў, украінцаў і расійцаў. 

    Напрыклад, многія ўкраінцы пасля пачатку вайны спрабавалі цалкам перайсці на ўкраінамоўны кантэнт у Youtube, але платформа ўсё роўна рэкамендавала глядзець ролікі на рускай мове — проста таму, што рускамоўнага кантэнту значна больш.

    «Ачысціць» Youtube ад рускай мовы ўдавалася толькі пасля выдалення гісторыі пошуку і ўсіх падпісак на рускамоўныя каналы, а таксама пастаяннага кліку на «не цікавіць» на ўсе рэкамендацыі паглядзець ролікі на іншай мове. Відавочна, што з кантэнтам на беларускай мове сітуацыя яшчэ складанейшая — яго значна менш, ніж кантэнту на рускай або ўкраінскай мовах.

    Пра складанасць гэтай праблемы ў інтэрв’ю dev.by разважаў відэаблогер Рудзі (ён вядзе беларускамоўны канал пра гульні):

    — Нават калі вы зараз паглядзіце два відэа на беларускай, то потым усё роўна ўключыце 5 ці 10 на рускай. А для YouTube глядач, які глядзіць умоўнае «Что было дальше?» — спажывец рускай мовы. І таму ён будзе прапаноўваць і прасоўваць яму відэа на рускай.

    І наадварот, YouTube намагаецца падабраць мне такіх гледачоў, якім можа спадабацца мой канал. І тут пытанне, каго YouTube можа прыцягнуць, калі тыя, каму падабаюцца мае відэа, глядзяць рускамоўны кантэнт? Лагічна, што YouTube прапаноўвае мае ролікі камусьці з Ніжняга Ноўгарада. Бо глядач з Ніжняга Ноўгарада, па сутнасці, нічым не адрозніваецца ад гледача з Мінска. Яны глядзяць адное і тое ж, і YouTube не разумее, якая між імі розніца.

    Тут атрымліваецца такое заганнае кола. Па-першае, трэба, каб людзі шукалі кантэнт у пашукавіках па-беларуску. Але ў такім выпадку вы нічога не знойдзеце, бо на беларускай нічога няма. Бо ніхто не шукае. 

    Рэкамендацыі для крэатара — вельмі важная штука. Але калі мае відэа трапляюць у рэкамендацыі, YouTube пачынае прапаноўваць іх усім навокал, у тым ліку і расійцам. І яны мне руйнуюць усю статыстыку, бо — адкрываюць відэа, праз 5–10 секунд разумеюць, што нічога не зразумела, і закрываюць. А YouTube інтэрпрэтуе гэта так — відэа благое і нецікавае. І на гэтым усё.

    То-бок платформа не рэкамендуе мае відэа выключна беларусам, бо не разумее, хто такія гэтыя беларусы і што яны глядзяць.

    3. Youtube часта рэкамендуе беларусам глядзець навіны ў прапагандысцкіх каналах.

    Выданне Media IQ аналізавала выдачу Yotube для «лянівага карыстальніка з Беларусі», які зайшоў на платформу без аўтарызацыі, каб паглядзець апошнія навіны.   

    Такому гледачу Youtube рэкамендуе ролікі з прапагандысцкіх расійскіх медыя: першая тройка — каналы «Рэн-ТВ», «Свет 24», НТВ. 

    «Пяць з васьмі каналаў у топе — расійская прапаганда. Па адным — еўрапейскі тэлеканал, беларускі апазіцыйны прапагандысцкі ютуб-канал і беларускі дзяржтэлеканал», — робіць выснову Media IQ.   

    Сітуацыя паўтараецца падобным парадкам, калі такі карыстальнік набірае ў пошуку «навіны Беларусі». У топе — каналы беларускага дзяржТБ, за імі ідуць украінскія каналы. Беларускія «недзяржСМІ» прадстаўленыя слаба.

    Якая сітуацыя на іншых платформах? Напрыклад, Google? 

    У наладах пашукавіка Google можна выбіраць мовы, на якіх будуць з’яўляцца вынікі пошукавых запытаў. Ёсць і беларуская мова. 

    БАЖ праводзіць апытанне аўдыторыі, каб быць карыснымі і цікавымі тым, хто з намі даўно, і тым, хто нас яшчэ не ведае.  Гэта дапаможа нам адаптаваць нашыя прадукты і кантэнт, удасканаліць іх і стаць карысным інструментам і плацдармам для развіцця беларускай незалежнай журналістыкі. Прайдзіце апытанне і дапамажыце нам стаць лепш!

    Калі выбраць беларускую як адзіную мову для пошуку і пашукаць «навіны», Google прапануе ў першай пяцёрцы два незалежныя медыя і тры дзяржаўныя.

    Пры запыце «навіны Беларусі» Google прапаноўвае перайсці на сайты дзяржаўных прапагандысцкіх рэсурсаў: Белта, СТВ, БТ.

    У агрэгатары навін Google News немагчыма выбраць рэгіён «Беларусь» і беларускую мову. 

    Паводле аналізу Media IQ, «пры запыце „навіны Беларусі“ для рэгіёна „руская (Расія)“ сэрвіс парэкамендаваў БЕЛТА як крыніцу ў адмысловым блоку справа. Сярод сотні прапанаваных навін траціна належала расійскаму агенцтву EADai­ly і яшчэ траціна — дзяржаўнаму БЕЛТА. Некалькі разоў (менш, ніж па дзесяць) сустракаліся недзяржаўныя „Еўрарадыё“, „Вячэрні Гродна“ і UDF, а таксама дзяржаўныя СТВ і „Гродзенская Праўда“. Па адной публікацыі было ад недзяржаўных „Магілёўанлайн“, Intex-Press, ABW.BY, „Белновости“ і Zerka­lo, а таксама замежных рэсурсаў „Навіны Узбекістана“, УНІАН і „Ліга.net“». 

    Але ёсць і добрыя навіны. Неўзабаве ў сэрвісах можа з’явіцца распазнаванне гучання беларускай мовы.

    Кампанія NVIDIA натрэніравала і апублікавала сваю мадэль распазнання беларускай мовы. Кожны ахвотны можа спампаваць API з мадэллю і ўбудаваць у сваю праграму. Патэсціраваць мадэль можна на сайце donar.by

    Чытайце яшчэ:

    «Я бачыў кнігу не як нейкую сухую біяграфію, а гісторыяй чалавека». Гутарка з аўтарам першага выдання пра Ціханоўскую

    “Я уехала, чтобы приносить пользу Беларуси”. Ради чего Александра Богуславская прервала журналистскую карьеру

    Каханне на адлегласці: журналісты пра свае сямейныя стасункі, нягледзячы на мяжу

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    30-годдзе за кратамі — сёння ў зняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай дзень народзінаў

    Кацярына Андрэева мусіла сустрэць «круглую» дату на волі — 5 верасня 2022 года сканчаўся яе несправядлівы тэрмін у калоніі. Але не. 7 красавіка 2022-га сям’і палітзняволенай журналісткі стала вядома, што ёй выставілі новае абвінавачанне. 13 ліпеня 2022 года Кацярыну прызналі вінаватай «у выдачы замежнай дзяржаве, міжнароднай альбо замежнай арганізацыі ці іх прадстаўніку дзяржаўных сакрэтаў Рэспублікі Беларусь». Суддзя Гомельскага абласнога суда Алег Харошка прызначыў ёй яшчэ 8 год пазбаўлення волі.
    02.11.2023
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    Юмор считают лакмусовой бумажкой общества. Чем оно здоровее, тем спокойнее реагирует на шутки и иронию, направленные на внутренние проблемы. Белорусам, три года пребывающим в затяжном, беспросветном политическом и экономическом кризисе, сатира помогает выстоять и уцелеть. А вот диктатура боится смеха как огня. «Не Славой Комиссаренко единым», — подумал БАЖ и сделал обзор самых улетных юмористических проектов, высмеивающих сегодняшнюю страшную реальность.
    12.12.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці